За "Тусал" цяпер пагражае тэрмін і ў Беларусі

120606 Rugajn Tussal.mp3

На пытанне "Ці ёсць у вас "Тусал"?" фармацэўты дзясятку мінскіх аптэк разводзяць рукамі: прэпарат добры, але яго даўно няма ў продажы. Еўрарадыё не знаходзіць гэтыя лекі ні ў Гродне, ні ў Баранавічах, ні ў Пінску.

"Нават не памятаю, калі прэпарат знік, — сказала фармацэўт адной з аптэк сталіцы карэспандэнту Еўрарадыё. — "Тусал" як знік з продажу два-тры гады таму, гэтак больш і не прадаем".

Аднак калі менавіта і чаму прэпарат знік з продажу, фармацэўты адказаць не могуць. Адны сцвярджаюць, што ён знік зусім нядаўна праз адсутнасць права на рэалізацыю, іншыя ўзгадваюць нейкую цёмную гісторыю, звязаную з гэтымі лекамі.

"У складзе наркотык ёсць, а наркаманы ведаюць усе прэпараты, у складзе якіх ёсць псіхатропныя рэчывы. Мы звычайна не бярэм такія падазроныя лекі на продаж, толькі калі фармацэўтычная фірма сама прывязе".


Пяць гадоў таму ў Маскве асудзілі беларусаў Аляксандра Чачурава і Сяргея Лагуна на 14 гадоў зняволення за збыт прэпарата "Тусал". У Расіі ўжо тады таблеткі лічыліся псіхатропным рэчывам. Міністэрства аховы здароўя Беларусі тут жа зрабіла водпуск гэтых лекаў з аптэк больш жорсткім — толькі паводле рэцэпту доктара. Хаця раней гэтыя таблеткі прадавалі і без папераў.

Як высветліла Еўрарадыё, прэпарат наогул знік з аптэк, таму што скончылася рэгістрацыя.

"30 верасня 2009 года скончылася рэгістрацыя, і яе не працягнулі, і працягваць яе фармацэўтычныя кампаніі не сталі. Цяпер прэпарат на тэрыторыі рэспублікі забаронены для выкарыстання і для рэалізацыі", — патлумачылі Еўрарадыё ў Цэнтры экспертыз і выпрабаванняў Міністэрства аховы здароўя.

Больш за тое, за захаванне і рэалізацыю таблетак "Тусала" ў Беларусі цяпер пагражае... тэрмін!
"Да 15 гадоў зняволення", — кажа намеснік начальнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі КМ МУС Васіль Лосіч.


Замест "Тусала" ў аптэках прапануюць "Тусін+". Але толькі паводле рэцэпту доктара.

Фота: stepcoupons.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі