За адну трэніроўку Андрэй Арамнаў падымае 30 тон

Спартовы комплекс "Стайкі" знаходзіцца пад Мінскам. Вакол - хваёвыя лясы. Неверагодна свежае пасля вялікага гораду паветра. КПП. Ахоўнік махнуў рукой: там, усе чэмпіёны - там. Сталоўка, стаянка, адміністрацыйны будынак, гатэль... Яшчэ падыходзячы, зразумеў, што не памыліўся і што мне сюды: за сцяной, палохаючы ранішніх птушак, аб драўляную падлогу грукалі штангі.

У калідоры нос рэзануў пах поту: пэўна ж, трэніроўка ўжо ішла напоўніцу. Дзверы адчыніў сам чэмпіён. Высокі, з усмешкай на ўвесь твар, Андрэй Арамнаў працягнуў руку, павіталіся. У спартовай зале займаліся яшчэ добры тузін асілкаў ды адна жанчына, якая стаяла насупраць люстраной сцяны і неяк задуменна падымала штангу.

Прыцішаная музыка, нейкі англамоўны выканаўца. Грукат жалеза. Парады трэнераў. Андрэй падкаціў нагой "бліны", падрыхтаваў штангу, накруціў рамяні на рукі, узяўся за грыф - уффф, трэніроўка працягнулася. 22 гады, 180 кілаграмаў - туды-сюды. Адзін падыход, другі...

Праз нейкі час, змакрэлы ўшчэнт, Андрэй падыходзіць да мяне. Ёсць некалькі хвілін для адпачынку і для гутаркі.

Еўрарадыё: Колькі за трэніроўку атрымліваецца падняць агулам?


Андрэй Арамнаў: Ну, агулам бывае да 30 тон — гэта разам усе падыходы, усе разы складваюцца, і тады атрымліваецца вельмі шмат кілаграмаў.

Еўрарадыё: 30 тон за паўтары гадзіны?!

Андрэй Арамнаў: Я трэніруюся звычайна паўтары-дзве гадзіны. Ну гэта не заўсёды, вядома ж. Здараецца, абмяжоўваюся — але менш за 10 тон за трэніроўку, як ні круці, не выходзіць!

Еўрарадыё: То бок, Андрэй, калі разгружаць вагоны, то цаны б табе не было?

Андрэй Арамнаў: Не! Я магу падняць і апусціць вельмі шмат. А вось узяць і цягнуць у мяне не надта атрымліваецца. Часам нават з крамы звычайныя торбачкі — бывае, што моцна рукі стамляюцца, таму што вельмі шмат энергіі спажываюць на маленькую вагу.

Еўрарадыё: Найгалоўнейшае для чэмпіёна — гэта тэхніка, дыета, прыродная сіла?

Андрэй Арамнаў: Найгалоўнейшае — усё-ткі жаданне. Чэмпіёнамі не нараджаюцца — імі становяцца. Найважнейшае — гэта працавітасць. Ну, яшчэ ёсць такі фактар, як “дадзена альбо не дадзена”. Гэта вельмі цяжкая праца — спорт.

Еўрарадыё: У жыцці ўвогуле дапамагае тое, што ты такі моцны чалавек?

Андрэй Арамнаў: У жыцці, вядома ж, калі б я быў слабейшы, то інакш бы пачуваўся. А так — упэўнены ў сабе чалавек.

Еўрарадыё: То бок сіла дае ўпэўненасць і спакойнасць?

Андрэй Арамнаў: Вядома ж.

Еўрарадыё: Калі не сакрэт, да якой вагі будзеш ісці на чэмпіянаце Еўропы?

Андрэй Арамнаў: Найперш я буду імкнуцца да добрага выступу. А там ужо — як Бог дасць. Я думаю, што тры сусветныя рэкорды павінна быць.


Увага! 180 кілаграмаў — і гэта толькі трэніроўка!

Калі нехта думае, што цяжкая атлетыка — гэта толькі штангі ды гантэлі і што гумару тут не месца, той моцна памыляецца. У зале, дзе трэніруецца барысаўскі асілак, увесь час гучыць музыка ды сяброўскія жарты. Андрэй Арамнаў распавядае, як іншыя штангісты жартуюць наконт сакрэту яго незвычайнай сілы.

Андрэй Арамнаў: “У мяне мама на "Медпрэпаратах" працуе. І вось усе кажуць, чаму я такі моцны. Ведаеце, як Абелікс у выварку зваліўся — вось і я нібыта ў мамы на працы ў нейкія вітамінныя растворы патрапіў. Ну, вядома ж, гэта ўсё не так, а толькі жарт. Насамрэч гэта ўсё вельмі цяжкая праца”.



Гэтую штангу Андрэй Арамнаў падняў адмыслова для Еўрарадыё!


І зноўку ж — момант славы: журналіст Еўрарадыё дапамагае чэмпіёну падняць амаль два цэнтнеры жалеза!




Фота і відэа: Валера Руселік

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі