За 5 дзён у Мінску толькі аднаго падлетка спынілі ў “каменданцкую гадзіну”?

120910_martynovi4_no4_0.mp3

З 5 верасня падлеткам забаронена самастойна з’яўляцца на вуліцах пасля 11 гадзін вечара. Толькі ў суправаджэнні бацькоў, ці загадкавага “знаёмага” дарослага. Інакш бацькам могуць даць штраф.

У РУУСе Завадскога раёна сталіцы не прыгадваюць, каб спынялі непаўналетніх увечары. Калі спыняць, нават у суправаджэнні дарослага, абавязкова патэлефануюць бацькам:

“Спытаем у таты-мамы, ці ведаюць яны, дзе іх дзіця? Напрыклад, нам адказваюць, што прасілі забраць родную цёцю, ці знаёмую, ці суседа дзядзю Колю”.

“Калі дзіця аддаюць на суправаджэнне чужому чалавеку, варта пісаць распіску”, — раяць Еўрарадыё ў Кастрычніцкім РУУСе Мінска.

Калі дзіця без суправаджэння, а бацькі не адказваюць, могуць звярнуцца да суседзяў, распытаць пра сям’ю. Каб вярнуць загулялага сына ці дачку, у міліцыі ёсць тры гадзіны.

“Калі бацькі не могуць прыехаць, можа, нецвярозыя ці за межамі Мінска, то мы перадаём дзіця ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. На ўсё пра ўсё — тры гадзіны”, — расказваюць Еўрарадыё ў РУУСе Завадскога раёна.

У сацыяльна-педагагічным цэнтры Барысаўскага раёна “дзяцей каменданцкага часу” яшчэ не было. А калі прывязуць, спачатку адправяць у… бальніцу:

“У нас няма каранціннага аддзялення. Перад тым, як трапіць у прытулак, яны праходзяць агляд. Мы не адмаўляемся, але перад тым, як патрапіць да нас, яны будуць змяшчацца ў лякарню”, — расказваюць Еўрарадыё ў адміністрацыі цэнтра.

Цікава, як пасля бацькам шукаць свайго заблукаўшага падлетка? І няўжо ноччу рабяць медыцынскі агляд?

Калі дзіця патрапіла ў гэты сацыяльна-педагагічны цэнтр, бацькоў могуць выклікаць на камісію па справах непаўналетніх, могуць даць папярэджанне, альбо штраф да 200 тысяч рублёў на першы раз. Другі раз — да паўмільёна рублёў.

У Мінску за пяць начэй існавання каменданцкай гадзіны, Еўрарадыё знаходзіць толькі адзін выпадак, калі падлетка спынілі без бацькоў. Бацькі хутка знайшліся.

Фота: bymedia.net, yansk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі