Будаўнікі давалі хабар, каб не правяралі надзейнасць іх аб'ектаў

Як паведамляе "Ежедневник", трывогу выклікаюць аб'екты, пабудаваныя ў апошнія гады. Гэта выклікана вялікай колькасцю выяўленых фактаў хабарніцтва з боку службовых асобаў Дэпартамента кантроля і нагляду за будаўніцтвам. А ён з'яўляецца своеасаблівым гарантам дзяржавы, што той ці іншы дом пабудаваны ў адпаведнасці з дзейнымі тэхнічнымі нарматывамі і раптоўна не разваліцца.

Аднак вынікі расследавання сведчаць, што ў Мінску і Мінскай вобласці за хабар можна было вырашыць "будаўнічыя пытанні" з дэпартаментам. Аналагічнае расследаванне распачатае і на Гродзеншчыне. У спісах следчых згадваецца нават аб'ект, які знаходзіўся на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы.

Цяпер пастаўленая задача абагульніць выяўленыя факты і падрыхтаваць даклад пра сапраўдную сітуацыю з кантролем і наглядам за будаўніцтвам у Беларусі. Давядзецца разабрацца і з тым, наколькі бяспечныя аб'екты, па якіх выяўленыя факты хабарніцтва.

Фота — bymedia.net