"Йо-Йо" і "Девятый миллиметр" выйшлі ў фінал Emergenza

На другім паўфінале фестывалю Emergenza Belarus з вялікім адрывам перамог ска-гурт "Йо-Йо". Апошняе, пятае месца аўтаматычна атрымаў гурт Rostanу, які не выступіў па "тэхнічных прычынах". Барысаўскі гурт Sun Road-21 і Магілёўскі R&M (Rose&Milk) з розніцай у адзін бал занялі чацвёртае і трэцяе месцы адпаведна. Адзін голас вывеў у фінал і мінскіх панкаў "Девятый миллиметр", якія ў выніку занялі другую пазіцыю.

Пераможцаў паўфіналаў Emergenza традыцыйна вызначае толькі глядацкае галасаванне. Раней стала вядома, што ў беларускі фінал фэсту, які адбудзецца ў траўні ўжо прайшлі гурты Ushuaia, “Красные звёзды” ды “Кашлаты Вох”. Астатнія фіналісты вызначацца ў дзве бліжэйшыя серады ў клубе Rocker Bar. На канцэрце 20 сакавіка спаборнічаць будуць Inside Us, Boston Lane, Inomarki, Tonqixod ды Tim Erna.

Пачатак 19:00, квіткі каштуюць 40 тысяч папярэдне і 50 тысяч у дзень канцэрта.

Даведкі па тэлефоне 8(029)6301880.

Нагадаем, гурт-пераможца Emergenza Belarus аўтаматычна трапляе ў фінал фэсту ў Расіі, дзе пазмагаецца за права выступіць на міжнародным конкурсе падчас фестывалю Таўберталь ў Германіі.

Найбольшых поспехаў за тры гады прысутнасці Emergenza ў Беларусі дасягнуў мінскі гурт No Comment Band. На міжнародным фінале хлопцы занялі 10-е месца з 24-х, а іх басіст Алег "Лімон" Конанаў быў названы другім сярод удзельнікаў конкурсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі