Ярмошына: Назіральнікі, якія хочуць начаваць на ўчастках, — правакатары

Старшыня ЦВК расказала, калі будуць вядомыя вынікі выбараў і кім стануць кандыдаты ў прэзідэнты ўвечары 19 снежня, і патлумачыла, чаму празрыстыя скрыні не гарантуюць празрыстасці выбараў.

Выбарчая кампанія праходзіць спакойна і без значных парушэнняў. А тыя скаргі, якія, да прыкладу, дасылаюць у Цэнтравыбаркам асобныя назіральнікі, не больш, чым правакацыя. Пра гэта заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падчас адкрыцця інфармацыйнага цэнтра Цэнтрвыбаркама ў Палацы Рэспублікі.

Лідзія Ярмошына: “Самая галоўная скарга , што назіральнікам не даюць магчымасці начаваць на выбарчых участках. Аднак ім ніхто і не павінен даваць такія магчымасці, бо Цэнтральная камісія прыняла адназначную пастанову па гэтым пытанні. Таму ўсе спробы застацца на ноч у памяшканні участковай камісіі, каб ахоўваць скрыню з бюлетэнямі, — гэта не больш і не менш, як запланаваная правакацыя. Прычым людзі, якія гэта ажыццяўляюць, выдатна ведаюць, што яны паступаюць супрацьзаконна”.

Паводле Ярмошынай, прыйшлі і два звароты ў ЦВК наконт прымусу ісці галасаваць датэрмінова. Зараз, згодна з яе словамі, яны правяраюцца. Але нават калі такое і было, то наўрад ці гэта можна лічыць парушэннем, адзначыла Ярмошына.

Лідзія Ярмошына: “Што тычыцца разваг наконт таго, што адміністрацыя прадпрыемстваў не мае права рэкамендаваць альбо запрашаць галасаваць, то гэта інтэрпрэтацыя ў выгадны бок выбарчага заканадаўства тых, хто крытыкуе гэтую пазіцыю. Кожны грамадзянін, кожная арганізацыя маюць права агітаваць за ўдзел у выбарах — а не толькі кандыдаты ў прэзідэнты. Таму неяк зашмат на сябе бяруць гэтыя палітычныя сілы”.

Больш ніякіх зваротаў наконт парушэнняў у ЦВК няма. Усё астатняе, на яе думку, не больш як спробы асобных кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў гэтую сітуацыю “раскачаць”.

Дала яна ацэнку і заклікам кандыдатаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу а 20 гадзіне 19 снежня.

Лідзія Ярмошына: “У 20.00 19 снежня пасля закрыцця выбарчых участкаў у нас ужо не будзе кандыдатаў у прэзідэнты. Калі, натуральна, не будзе прызначаны другі тур выбараў. Таму ніякія перадвыбарныя мерапрыемствы і мітынгі пасля 20 гадзіны, на якія распаўсюджваюцца нормы выбарчага заканадаўства, у рэспубліцы праводзіцца не могуць. І для таго, каб правесці грамадскае мерапрыемства альбо мітынг, ініцыятарам неабходна было ў вызначаным парадку звярнуцца ў Мінгарвыканкам і папрасіць дазвол на правядзенне мітынгу. Прычым рабіць гэта трэба было за 15 дзён да меркаванага мерапрыемства”.

І дадала, што ніякіх заявак на гэты конт у Мінгарвыканкам не паступала. Таму ўсе акцыі 19 снежня будуць, на думку Ярмошынай, незаконнымі. Тым больш, на Кастрычніцкай плошчы. Бо там праводзіць любыя грамадска-палітычныя акцыі забаронена ўвогуле. Прычым нават праўладныя.

У чарговы раз пацікавіліся журналісты і нежаданнем ЦВК забяспечыць усе выбарчыя ўчасткі празрыстымі скрынямі для галасавання.

Лідзія Ярмошына:
 “Нельга паміж празрыстасцю скрыняў для галасавання і празрыстасцю выбараў ставіць знак роўнасці. Як вы разумееце, тады вельмі літаральна трэба разумець адкрытасць выбарчага працэсу. Паколькі нашае заканадаўства ўвогуле не ўдакладняе, з якога матэрыялу павінна быць скрынка для галасавання, то гэта дыскусія мае палітычны характар і не мае ніякіх адносінаў да выбарчага працэсу”.



На думку старшыні ЦВК, апячатаныя ў прысутнасці назіральнікаў скрыні для галасавання і ахова гэтых скрынак міліцыянтамі — найлепшая гарантыя ад парушэнняў і фальсіфікацый. А размовы пра тое, што ўсе фальсіфікацыі адбываюцца ўначы на выбарчых участках, назвала прыдумкамі тых, хто рыхтуецца да паражэння.

Што тычыцца вынікаў выбараў, то, адзначае Ярмошына, ужо ў сярэдзіне дня 19 снежня будзе зразумелая “тэндэнцыя, па якой ідзе волевыяўленне выбаршчыкаў”. Менавіта ў гэты час, кажа Лідзія Ярмошына, стануць вядомыя вынікі галасавання на закрытых участках — у шпіталях, санаторыях, вайсковых частках. А ў 20 гадзін вечара гэтыя тэндэнцыі сябры ЦВК агучаць журналістам. 

Лідзія Ярмошына: “Там падлік галасоў пачынаецца тады, калі прагаласаваў апошні выбаршчык, уключаны ў спіс — дзесьці ў сярэдзіне дня ў дзень выбараў. Гэтыя лічбы не будуць агучвацца да 20 гадзін, але ў 20 гадзін мы іх агучым. Прынамсі, сродкам масавай інфармацыі стане зразумела тэндэнцыя, па якой ідзе волевыяўленне выбаршчыкаў”.

А папярэднія вынікі выбараў будуць вядомыя прыблізна а 3-4 гадзіны раніцы 20 снежня.

Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, старшыня ЦВК не выключыла таго, што парушэнні з боку сябраў выбарчых камісій будуць. Але параіла ставіцца да іх з разуменнем. Маўляў, “у працэдуры задзейнічана каля 100 тысяч грамадзян, якія працуюць на грамадскіх пачатках і могуць памыляцца”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі