Янукевіч: Апазіцыя не мае людзей, каб накіраваць іх ва ўсе выбарчыя камісіі

“Мы, безумоўна, вылучаем людзей. Паўсюль у рэгіёнах гэта робіцца ўсімі разам. Мы не падзяляемся на партыі і рухі, а вылучаем людзей усе разам”, -- расказвае Еўрарадыё адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў пра вылучэнне сваіх людзей у склад выбарчых камісій.

120705 Pilecki Kamissii.mp3

Дзмітрыеў дадае, што сёлета ад кампаніі ў склад акруговых камісій вылучаюць каля 30 чалавек. Пра участковыя гаварыць рана – яны сфармуюцца толькі ў жніўні.

Хрысціянскія дэмакраты, якія выбары байкатуюць, пайшлі сваім шляхам. У акруговыя камісіі вылучаць нікога не будуць, але ва ўчастковыя выстаўляюць ажно сто прэтэндэнтаў. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі расказвае, што вылучацца ў акруговыя камісіі няма ніякага сэнсу.

“Будзем удзельнічаць толькі ў вылучэнні людзей ва участковыя камісіі. Па-першае, каб улады ў выпадку ўключэння людзей у акруговыя камісіі не мелі падстаў казаць, што нейкія нормы выкананыя. А па-другое, акруговыя і гарадскія камісіі не вызначаюць ход фальсіфікацый”.

Лідар Беларускага народнага фронту Аляксей Янукевіч лічыць іначай. БНФ закрые больш за палову акруговых камісій, а ва ўчастковыя выставіць некалькі сотняў кандыдатаў.

“Больш за палову акруговых камісій закрываем сваімі вылучэнцамі. Я спадзяюся, што нашы людзі будуць запрошаныя на працэдуру фармавання камісій, змогуць мець усю інфармацыю”.

БНФ плануе выставіць 57 кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісій. Пры гэтым Янукевіч прызнае, што “закрыць” сваімі назіральнікамі усе участковыя камісіі беларуская апазіцыя проста не ў стане.

“На сённяшні момант усе разам дэмакратычныя арганізацыі не маюць чалавечых рэсурсаў, каб закрыць некалькі тысяч участковых камісій”.

Партыя “Справядлівы свет” таксама выстаўляе сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій. І нават больш за ўсіх – ажно 89.

У 2008 годзе падчас парламенцкіх выбараў было створана 6485 выбарчых участкаў. На фоне гэтай лічбы некалькі соцень апазіцыянераў насамрэч выглядаюць блякла.

“На сённяшні момант усе разам дэмакратычныя арганізацыі не маюць чалавечых рэсурсаў, каб закрыць некалькі тысяч участковых камісій”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі