Як жывуць былыя палітвязні

111003 Sverdlov Praca.mp3

Вязні, асуджаныя па “справе 19 снежня” і памілаваныя
Аляксандрам Лукашэнкам, паступова вяртаюцца да звыклага жыцця. Здаецца, найлепш
гэта пакуль што атрымліваецца ў Сяргея Казакова. 2 кастрычніка хлопец адыграў
першы пасля паўгадавога зняволення канцэрт са сваім гуртом SKRIZHALI.

Сяргей Казакоў: “Канцэрт прайшоў, і прайшоў выдатна! Я нават
не чакаў, што пасля такога перапынку змагу так зайграць. Задаволеныя былі і
хлопцы з гурта, і гледачы. Карацей, я зразумеў, пра што я марыў увесь гэты час
і чаго мне так не хапала”.


Сяргею пашанцавала і з працай: яго прынялі на той жа склад,
з якога, на вачах калег, забіралі паўгода таму.

Сяргей Казакоў: “Сустрэлі мяне вельмі добра. Здаецца, людзі
добра разумеюць, што зараз у краіне адбываецца. А працую я на фасоўцы фруктаў”.


Упэўнены ў тым, што знойдзе працу, і вызвалены 2 тыдні таму
Уладзімір Лобан. Адзінае, што яго зараз засмучае, — неразуменне ўчынку, праз
які ён атрымаў у беларускім судзе 3 гады зняволення.

Уладзімір Лобан: “Перажываю наконт таго, што шмат хто нават
не зразумеў, навошта гэта ўсё было. Некаторыя нават падумаць пра гэта не
хочуць. Пазбягаюць размоваў… А змагацца трэба. Але людзей вельмі запужалі”.


Былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус вяртаецца да звыклага
жыцця з нізкага старту. Ён ужо абвясціў пра намер удзельнічаць у парламенцкай
кампаніі 2012 года. А працаваць збіраецца дырэктарам таго самага выдавецтва
“Трывіум”, якое ўзначальваў перад арыштам.

Быццам бы ўладкаваўся на працу і самы загадкавы з
памілаваных па “справе 19 снежня” — “навушнік” Уладзімір Хамічэнка. З
“рэвалюцыянераў” ён перакваліфікаваўся ў рознарабочыя на кірмашы. Прынамсі, пра
гэта ён сказаў сваёй цётцы Але Барысаўне, калі заходзіў да яе… папрасіць
грошай!

Ала Барысаўна, цётка Уладзіміра Хамічэнкі: “Заходзіў ён да
мяне. Прасіў прабачэння, на каленкі станавіўся. Але прыходзіў ён прасіць грошай,
а гэта ўсё было так… І, дарэчы, казаў, што яго будуць засяляць у яго гэтую
кватэру. Я яму кажу: “Вова! Калі ты па правільнай дарозе пойдзеш, табе
дапамогуць! Не ведаю, з якіх рэсурсаў, але ацяпленне зробяць, ваду правядуць. І
я табе дапамагу: якія-небудзь рэчы дам, фіранкі, коўдру, падушку… Я табе ўсё
дам. Толькі ты жыві спакойна!”.


Але калі Ала Барысаўна сустрэла пляменніка наступным разам —
а сустрэча гэтая адбылася на вуліцы падчас Дня горада Слуцка — ён чамусьці
зрабіў выгляд, што не пазнаў яе.

Не так радасна, як у іншых, усё ў Алега Гнедчыка. Да
зняволення ён працаваў будаўніком. Але пасля амністыі яго адразу звольнілі:

Алег Гнедчык: “Зараз вельмі цяжка. Калі я прыйшоў туды — мне
адразу аддалі разлік. Сказалі: “Мы з вамі не хочам звязвацца” — вось і ўсё…
Шукаю працу — але нідзе браць не хочуць. Паўсюль даеш пашпарт, у яго зазіраюць…
карацей, вельмі цяжка”.


Ніякай дапамогі з боку дзяржавы па сацыяльнай адаптацыі былы
вязень не адчувае. Наадварот, паводле яго слоў, да яго ўжо некалькі разоў
прыходзілі з міліцыі. На ўсялякі выпадак, проста каб папярэдзіць.

А вось былога студэнта гістфака БДУ Алеся Кіркевіча адсутнасць
працы не засмучае: ён збіраецца прысвяціць сябе літаратурнай творчасці і
“палітычным авантурам”:

Алесь Кіркевіч: “І абавязкова атрымаць вышэйшую адукацыю.
Але на гістфаку аднаўляцца не збіраюся, не хачу ізноў трапіць у кіпцюры
дзяржавы. Буду давучвацца завочна, за мяжой”.


На фота: Алесь Кіркевіч.

Фота: Еўрарадыё.