Як невыязны Міхальчанка апынуўся ў Літве?

Журналіст АНТ Аляксей Міхальчанка наведаў сустрэчу кіраўнікоў МЗС краінаў АБСЕ. Самае цікавае, што сустрэча адбываецца ў Вільні, а Міхальчанка — у спісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза!

Якім чынам невыязны журналіст усё ж такі выехаў у краіну ЕС? Амбасада Літвы ў Мінску ніякіх каментароў на гэты конт не дае. Таксама не каментуюць сітуацыю і арганізатары сустрэчы міністраў. Неафіцыйна пагадзіўся даць каментар прадстаўнік МЗС Літвы. Ён сказаў, што візавыя санкцыі не распаўсюджваюцца на міжнародныя падзеі такога ўзроўню.

Тое ж самае заявіў і Міхальчанка агенцтву “Интерфакс-Запад”. Па яго словах, “на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў межах АБСЕ, візавыя санкцыі не распаўсюджваюцца. Адзначу, што ў МЗС Літвы ёсць добрыя спецыялісты ў сферы міжнароднага права, якія пра гэта ведаюць”.


Журналіст патлумачыў, што загадзя звярнуўся ў амбасаду Літвы ў Мінску. “Літоўскі бок ніякіх перашкодаў мне не чыніў, выдаў нацыянальную візу”, — сказаў Міхальчанка. У сваёй праграме "Как есть" ён асвятляў сустрэчу кіраўнікоў МЗС краінаў АБСЕ. На Міхальчанку быў акрэдытацыйны бэдж.

Толькі што Еўрарадыё атрымала афіцыйны каментар ад Міністэрства замежных справаў Літвы:

“Віза дзейнічае выключна на тэрыторыі Літвы і толькі падчас міжнароднай падзеі. Візу выдалі на падставе таго, што Беларусь з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай АБСЕ, а мэтай паездкі было асвятленне сустрэчы міністраў АБСЕ. Паводле рашэння савета ЕС, краіна-член АБСЕ не ўжывае візавыя санкцыі на людзей у спісе, калі яна з’яўляецца прымаючым бокам АБСЕ”.

Рэдактар сайта Хартыя'97” Наталля Радзіна, якая атрымала палітычны прытулак у Літве, лічыць, што літоўскія ўлады ў дадзеным выпадку не маюць рацыі.

Радзіна:Дадзенае апраўданне абсалютна не выклікае павагі. Па вялікім рахунку існуе ААН, якая мае права запрашаць і Уга Чавеса, і Ахмадзінежада, і Лукашэнку, нават калі ёсць візавая забарона ў адносінах да гэтых палітыкаў. Але што тычыцца таго, каб запрашаць беларускіх прапагандыстаў на саміты АБСЕ, з улікам таго, што супраць іх прымененыя візавыя санкцыі(!), то я не ведаю, ці існуе такі пункт у міжнародным праве

Калі адзінае, што можа зрабіць Еўрасаюз — уводзіць супраць беларускіх чыноўнікаў візавыя санкцыі, то давайце ім следаваць, — дадае Радзіна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі