В.Юшчанка: Беларусь і Ўкраіна павінны аптымізаваць свае адносіны

Такую думку журналістам выказаў экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка, каментуючы цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і стан беларуска-ўкраінскіх зносін.

"Безумоўна, як Украіна, так і Беларусь адносяцца да асаблівай зоны інтарэсаў Расіі. Мне гэтыя словы не падабаюцца, таму што мы — суверэнная нацыя і мы не хочам трапляць ні ў якія арбіты залежнасці. Але я выкарыстоўваю  фармулёўкі, якія былі два гады таму сфармуляваныя ў дактрыне расійскай палітыкі. Украіна больш, Беларусь менш, з'яўляюцца пэўным тэстам для расійскай знешняй палітыкі. Гэта міжнародны фактар. Мне шкада, што два бакі, дзве краіны не знаходзяць тут падстаў для аптымізацыі двухбаковых адносін. Гэта магло б спрацаваць як на ўкраінскія інтарэсы, так і на беларускія інтарэсы", — перакананы Віктар Юшчанка.

На ягоную думку, сённяшняя сітуацыя ў Беларусі абумоўлена выключна расійскім фактарам. "Я не выключаю, што тое, што адбываецца з пункту гледжання ўнутранай палітыкі Беларусі, вынікае з адносінаў з Расійскай Федэрацыяй і іх пагаршэння. І што значная частка крокаў ва ўнутранай палітычнай сітуацыі ў Беларусі магла быць абумоўлена спецыфікай беларуска-расійскіх адносін", — упэўнены экс-прэзідэнт Украіны.

У той жа час Віктар Юшчанка папракнуў беларускага прэзідэнта, што той не адразу пагадзіўся на канструктыўны дыялог з Украінай. "Я ўпэўнены, што калі б беларускія ўлады па шматлікіх пытаннях нашых узаемаадносін, якія атрымалі новыя абставіны ў апошнія 2-3 гады, калі б беларускія ўлады занялі гэтую пазіцыю гадоў пяць назад, то ў нашых адносінах, перш за ўсё, у прыкладных эканамічных пытаннях, было б нашмат больш прагрэсу. Гэта нашы суседзі. Я разумею, як важна, каб у Беларусі ўсталявалася дэмакратыя, як зберагчы Беларусь ад скочвання да групы краін, якія з'яўляюцца несвабоднымі, дзе прысутнічае марыянетачная палітыка. Гэта шкода ўкраінскім інтарэсам, і я лічу, што гэта шкода і для беларускага народа", — зазначыў экс-кіраўнік украінскай дзяржавы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі