"Водкуп" ад размеркавання для вайскоўца 112 мільёнаў, для міліцыянта — 120

Выпускнік вайсковага факультэта БДУ Віталь размеркаваўся ў вайсковую частку ў Барысаў. Праз тры месяцы малады афіцэр ажаніўся з украінкай і… хацеў звольніцца са службы, паехаць у Жытомір да жонкі. Не адпусцілі.

“У частцы расказалі, што можна звольніцца па сямейных абставінах, былі такія прыклады: афіцэраў звальнялі. Напісаў рапарт, прасіў звольніць па маім жаданні пры найменні паважлівых абставінаў, якія перашкаджаюць выкананню службы. Заключэнне ў паўночна-заходнім аператыўным камандаванні было станоўчым. Але ў міністэрстве абароны маю заяву пакінулі без рэалізацыі”, — расказвае Віталь.

Не змог дапамагчы афіцэру і міністр абароны. Да вайсковага чыноўніка нават прыязджала жонка Віталя — Людміла. І ёй адмовілі. Ды і перабрацца да мужа ў Беларусь яна не можа, бо мае ва Украіне дачку ад іншага шлюбу і свой бізнэс.

Віталь перастаў хадзіць на службу, каб пасля звальнення вырашыць праблему ў судзе. Са службы сапраўды папрасілі за парушэнне дысцыпліны, пасля году адпрацоўкі.  Але і падалі іск на 170 мільёнаў рублёў!

“Разлічваў, што пытанне вырашыць суд, калі я ўжо буду грамадзянскім. На мяне падалі іск, за навучанне абавязалі выплаціць каля 170 мільёнаў. Гэта сумесны іск Мінадукацыі і  Міністэрства абароны. Бо нас навучала Мінадукацыі, а ўтрымлівала Мінабароны”, — даводзіць Віталь.

Але пасля суда доўг дзяржаве знянацку… знізіўся на 60 мільёнаў.  Цяпер Віталь вінен 112 мільёнаў рублёў.

Самы дарагі факультэт у БДУ — Міжнародныя адносіны каштуе першакурсніку 14 мільёнаў за адзін год. А вайскоўцу выходзіць у 22 мільёны. Вывучыць вайсковага афіцэра ў паўтары разы даражэй, чым дыпламата!

Чаму так дорага, не могуць патлумачыць нават у БДУ.

“Яшчэ ідуць разбіральніцтвы, па якіх інструкцыях налічваць. Ёсць інструкцыя Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны. Яны нават мусяць пакрыць сродкі, калі не закончылі ВНУ. Бо адразу заключаюць кантракт. Але пакуль суды неадназначна праходзяць”, — расказваюць у БДУ і дадаюць, што вайскоўцаў, якія судзяцца з-за размеркавання хапае.

І навучэнне на міліцыянта ў Акадэміі МУС таксама даражэйшае за дыпламата. За пяць гадоў выплачваюць каля 120 мільёнаў рублёў.

“Апошнія гады навучання выплачвалі каля 120 мільёнаў, калі цалкам не адпрацаваў. Цяпер часта гэта, за год звальняюцца да 50 чалавек”, — прызнаюцца Еўрарадыё ў Акадэміі МУС.

А Віталь, які вінен дзяржаве 112 мільёнаў, збіраецца абскарджваць і рашэнне суда. Ён збіраецца дамагацца, каб штраф знялі і звольнілі па іншым артыкуле.

Фота: websmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі