Уладзіслаў Кавалёў, закуты ў кайданкі, тры гадзіны размаўляў з сястрой

Сястра Уладзіслава Кавалёва, асуджанага на смерць за саўдзел у тэрарызме, спаткалася з ім у другі раз. Перад сустрэчай дзяўчыну папярэдзілі, што размаўляць пра ўмовы ўтрымання і акалічнасці крымінальнай справы нельга.

"Нам адразу акрэслілі тэмы на якія можна размаўляць, – расказвае сястра Кавалёва Таццяна. – Гэта бытавыя, сямейныя тэмы. Пытанняў хацелася шмат задаць. Але мне сказалі, што працягласць вашага спаткання будзе залежаць ад вас і тых пытанняў, якія вы будзеце абмяркоўваць. Я старалася нікога не злаваць".

Таццяна ў асноўным адказвала на пытанні брата, які цікавіўся сябрамі, роднымі. Па словах дзяўчыны, знешне Уладзіслаў выглядаў нявыспаным: "мяшкі" пад вачыма, твар цёмны”.

Другое спатканне з братам доўжылася ў 18 разоў даўжэй, чым першае – належныя 3 гадзіны.

 
У пакоі для спатканняў – стол, два стулы і вакно ў суседні, такі самы пакойчык. Уся размова па тэлефоне праз шкло ў прысутнасці "супрацоўнікаў".

"Уладзік сядзеў у кайданках. Ззаду за ім стаяў мужчына і побач са мной сядзеў чалавек. Па-мойму гэта быў начальнік СІЗА і канваір не просты нібыта. Я у званнях не разбіраюся, але зорачкі на пагонах былі".

Але размаўляць не перашкаджалі. 

"Я пачала яму перадаваць прывітанні. Ён сказаў, што дайшлі лісты ад сяброў і нават 2 тэлеграмы ад незнаёмых людзей са словамі падтрымкі. Настроены ён пазітыўна. Мяне суцешваў, падтрымліваў. Казаў, што ўсё будзе добра, што не трэба раскісаць і што будзем змагацца. Ён трымаецца, каб нас не расстройваць. Таму цяжка сказаць, што ў яго на душы".

Гэта было другое спатканне з Уладзіславам. Наступнае праз месяц. 

З 4 па 16 студзеня адвакат Станіслаў Абразей разам з Кавалёвым вывучаў матэрыялы суда, каб падаць наглядную скаргу. Пазней яму дазволілі вывучаць пратаколы яшчэ тры дні з 18 па 20 студзеня. Цяпер азнаямленне з пратаколамі суда скончылася, і адвакат хоча азнаёміцца з дадатковымі матэрыяламі, 4 тамы якіх накапілася падчас суда.

Тэракт адбыўся 11 красавіка 2011 году. У выніку 15 чалавек загінулі, больш за 300 атрымалі траўмы. 30 лістапада 2011 году суд прызнаў вінаватымі ў арганізацыі тэракта ўраджэнцаў Віцебска Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва і прыгаварыў іх да смяротнага пакарання. Цяпер адвакат апошняга рыхтуе скаргу. Ход працэсу і прысуд выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве.

Фота — bymedia.net