Украінская мытня аштрафуе беларускіх кантрабандыстаў на 2,4 мільёна долараў

121226_lukashuk_kontrobanda.mp3

Двух беларускіх кантрабандыстаў, якіх затрымалі з 2,4 мільёна долараў, аштрафуюць на такую ж суму. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Дзяржаўнай мытнай службе Украіны.

Мытня Украіны: “За кантрабанду 482 артыкул нашага Мытнага кодэкса прадугледжвае штраф у памеры 100% кошту тавараў, менавіта тых, якія яны перасоўвалі, і канфіскацыя саміх тавараў”.



Нагадаем, 19 снежня памежнікі Луцкага атрада затрымалі двух беларусаў, якія спрабавалі незаконна перайсці ўкраінска-беларускую мяжу. Кантрабандысты ішлі ў бок беларускай вёскі Макраны і неслі з сабой 2,4 мільёна долараў. Паводле слоў прэс-афіцэра Луцкага атрада памежнікаў Алега Лічкоўскага, яны былі апранутыя ў белыя маскіровачныя халаты, у куртках мелі спецыяльна прышытыя кішэні. 20 снежня, кажа суразмоўца Еўрарадыё, парушальнікаў асудзілі за спробу незаконнага пераходу мяжы.

Алег Лічкоўскі: “Яны былі пакараныя рашэннем раённага суда паводле нашага адміністрацыйнага заканадаўства за спробу перасячэння дзяржаўнай мяжы 10 суткамі арышту”.

Арышт ад памежнікаў, канфіскацыя і штраф ад мытнікаў. Цяпер, як даведалася Еўрарадыё з дасведчаных крыніц, праваахоўныя органы Украіны вырашаюць, ці распачынаць супраць беларусаў-кантрабандыстаў крымінальную справу. Залежаць гэта будзе ад адказу затрыманых на два галоўныя пытанні: “Адкуль грошы?” і “Навошта?”. Праўда, пакуль адказваць на гэтыя пытанні беларусы адмаўляюцца.

Але не менш важна і тое, якім чынам украінскі бок будзе спаганяць з беларусаў 2,4 мільёна штрафу.

“Пытанне вельмі цікавае, і яно нас таксама цікавіць, — прызнаюцца ўкраінскія мытнікі ў размове з Еўрарадыё. — Па-першае, гэта ж грамадзяне Беларусі, а не Украіны, у іх тут няма ніякай маёмасці, нічога. Па-другое, гэтым будзе займацца Дзяржаўная выканаўчая служба. Магчыма, будуць нейкія дамоўленасці ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі з Рэспублікай Беларусь, каб дапамагчы з выплатай штрафу”.

Як паведамляюць Еўрарадыё ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі, пакуль каментаваць сітуацыю з беларускімі кантрабандыстамі яны не могуць: украінскія калегі справу яшчэ не перадалі. Адзінае, яны адказалі на запыт — удакладнілі, што затрыманыя беларусы пераходзілі беларуска-ўкраінскую мяжу афіцыйна, па дзейсных дакументах. Не каментуюць сітуацыю з-за адсутнасці матэрыялаў справы і ва Упраўленні КДБ па Брэсцкай вобласці.


Але сама сітуацыя з кантрабандыстамі, маскхалатамі і сумай, якую беларусы неслі, выклікае ў нашых памежнікаў шмат пытанняў і сумневаў. Праўда, у тым, што неслі не з Беларусі, а ў Беларусь, суразмоўца Еўрарадыё не бачыць нічога дзіўнага.

Мытны камітэт Беларусі: “Бізнес ёсць бізнес — у каго якія рызыкі, хто там як хоча легалізаваць гэтыя грошы, хто якія магчымасці і хто якія шляхі мае… Нічога дзіўнага я тут не бачу: маглі і ад нас цягнуць, маглі і туды цягнуць. Гэта можа быць “адкат”, можа быць — крымінальны след”.

Імёны і нават месцы жыхарства кантрабандыстаў суразмоўцы Еўрарадыё назваць адмаўляюцца. Беларусы спасылаюцца на канфідэнцыйнасць інфармацыі, украінцы — на верагоднасць таго, што гэта можа зашкодзіць следству, якое пачнецца, як толькі правапарушальнікі адседзяць адміністрацыйны арышт. Будзе следства весці пракуратура ці Служба бяспекі Украіны, пакуль не паведамляецца, адказваюць Еўрарадыё ў СБУ Валынскай вобласці.

Фота і відэа: http://www.pvu.gov.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі