Уга Чавес дапаможа Лукашэнку стаць другім Міндоўгам?

З дня на дзень у Адэсу прыйдзе першы “беларускі” танкер з Венесуэлы. На ім — пробная партыя нафты, 80 тысяч барэляў (крыху менш за 11 тысяч тон). Сам па сабе гэты груз не можа ні выратаваць недазагружаныя беларускія НПЗ, ні пазбавіць Беларусь энергазалежнасці ад Расіі. Але калі экспарт нафты з Венесуэлы запрацуе напоўніцу і рэальнасцю стануць 4 мільёны тон, пра якія з месяц таму, пасля візіту ў Венесуэлу, казаў Аляксандр Лукашэнка...

“І карабель плыве...”


Еўрарадыё: Наколькі рэнтабельна вазіць нафту з Венесуэлы? Гэта ж іншы край свету, а Расія — вось яна, пад бокам!

Сяргей Чалы: “Пакуль што ніякіх пэўных лічбаў беларускія ўлады не паведамляюць. Але тое-сёе і мы з вамі можам падлічыць. І атрымліваецца цікавая рэч: дастаўка каштуе не вельмі дорага! З улікам фрахту і чыгуначнай перавозкі праз Украіну (80 тысяч барэляў — 1 цягнік у некалькі дзясяткаў цыстэрнаў), нават калі па максімуме ўзяць тарыф, які могуць паставіць украінцы, атрымліваецца каля 25 долараў за тону нафты.

А цяпер — увага! — Расія патрабуе ад Беларусі мытную пошліну ў памеры 268 долараў за тону нафты! Замяшчэнне расійскай нафты венесуэльскай нясе выгаду ў 10 разоў!”


Еўрарадыё: Вось такі новы паварот у сяброўстве Беларусі і Венесуэлы. Не было шчасця, ды няшчасце дапамагло: Расія праз сваю сквапнасць развязала новы нафтавы рукаў даўжынёй у 15 тысяч кіламетраў.

Сяргей Чалы: “Бо вакол чаго была ўся спрэчка з Расіяй? Вакол мытнай пошліны на 1,7 мільёна тон нафты. Расія хацела спаганяць яе ў поўным аб’ёме. Памнажаем 268 на 1,7 мільёна — і атрымліваецца 455,6 мільёна долараў. Менш за паўмільярда! І вось праз гэтую, у прынцыпе, нязначную для Расіі суму, расіяне справакавалі Беларусь на рэальныя дзеянні па пошуку іншых крыніцаў нафты”.

Венесуэльская “Санта-Барбара” працягваецца


Еўрарадыё: Пакуль што экспарт венесуэльскай нафты выклікае шмат пытанняў. Найперш яе якасць. Надалей — умовы пастаўкі: кошт і аб’ём. І, нарэшце, умовы транзіту важкага аб’ёму, а не проста пробнай партыі, праз Украіну.

Сяргей Чалы: “Імпарт венесуэльскай нафты вельмі выгадны для Ўкраіны. Яна ўжо каторы год носіцца са сваім нафтаправодам “Адэса-Броды” [Броды — горад у Львоўскай вобласці, дзе нафтаправод “А-Б” стыкуецца з нафтаправодам “Дружба” — заўв. Еўрарадыё]. Ён быў пабудаваны, каб экспартаваць у Еўропу каспійскую нафту. Але гэтыя праекты былі згорнутыя пад уздзеяннем Расіі, якая заўжды жадае заставацца адзінай крыніцай пастаўкі.

Зараз нафтаправод “Адэса-Броды” працуе ў рэверсным рэжыме. Чатыры мільёны тон венесуэльскай нафты — гэта вельмі блізка да таго, каб яго запуск у штатным рэжыме — з поўдня на поўнач — стаўся рэнтабельным. І Ўкраіна гатовая яго ўключыць”.


Еўрарадыё:
Дастаўка нафтаправодам яшчэ больш танная, чым чыгункай. Але што за нафта пойдзе ў Беларусь з Венесуэлы?

Сяргей Чалы: “Рэч у тым, што 4 мільёны тон — гэта нашмат больш, чым збіралася здабыць нашае беларуска-венесуэльскае СП. І гэта нафта не самай высокай якасці — горная, даволі цяжкая. Пасля далучылася некалькі радовішчаў з крыху лепшай нафтай. У далёкай перспектыве — наступныя далучэнні і нарошчванне здабычы ў 10 разоў. Але гэта — у далёкай перспектыве.

Тая нафта, якая плыве да нас цяпер, — вельмі лёгкая, гатунку “Санта-Барбара”. Яна нават лепшая за расійскую. Але нафту, якую здабывае “Петралера БелаВенесалана”, можа на дадзены момант перапрацоўваць толькі мазырскі НПЗ. Там завяршаецца вялікая рэканструкцыя, і неўзабаве гэта будзе адно з лепшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў рэгіёна з глыбінёй перапрацоўкі да 90%. На мазырскі НПЗ, хутчэй за ўсё, прыйдзе і пробная партыя — бо, калі везці нафту з Украіны чыгункай, Мазыр раней за Наваполацак”.


Ад мора і да мора


Еўрарадыё:
Таму наваполацкі завод, так ці інакш, давядзецца загружаць расійскай нафтай, і цалкам пазбегнуць залежнасці не атрымаецца. Тут ёсць два цікавыя варыянты. Першы — пабудаваць паміж Мазыром і Наваполацкам нафтаправод. Гэта таксама будзе рэвалюцыйны крок: нашыя НПЗ стаяць на дзвюх галінах нафтаправода “Дружба”. Іх злучэнне адкрывае вялікія магчымасці для манеўраў.

Другі — вазіць венесуэльскую нафту праз Прыбалтыку, да партоў Вентспілса і Буцінге!

Сяргей Чалы: “Праз Балтыйскае мора нафту вазіць даражэй — гэта завязана на пытаннях экалогіі. Таму цалкам магчыма, што неўзабаве паўстане пытанне пра чыгуначную змычку. І — глядзіце: калі гэтая чыгунка будзе пабудаваная, балтыйскія парты ўпершыню будуць злучаныя з чарнаморскімі. Вялікі нафтавы шлях з варагаў у грэкі!”

Еўрарадыё: Украіна зацікаўленая ў венесуэльскай нафце яшчэ і таму, што ёй неабходна загружаць уласныя НПЗ. Напрыклад, крэменьчугскі. У Літве аналагічная сітуацыя з Мажэйкяйскім НПЗ, якім зараз валодае польская PKN Orlen.

Сяргей Чалы: “У выпадку, калі эканоміка праекта па экспарце венесуэльскай нафты спрацоўвае, мы не проста забяспечваем працай уласныя НПЗ, кампенсуючы недахоп расійскай бяспошліннай нафты. Сітуацыя ўнікальная: Расія праз сваю дробязнасць за нейкія 500 мільёнаў долараў рызыкуе атрымаць на сваіх заходніх межах кардынальна іншую энергетычную канфігурацыю. Вымалёўваецца аснова для мерыдыянальнага супрацоўніцтва”.

Еўрарадыё: Вільня стаіць на 25-м мерыдыяне, Мінск — на 27-м, Кіеў — на 30-м. Гэтая прастора атрымлівае венесуэльскую нафту, якая і паводле кошту, і, верагодна, паводле якасці з’яўляецца добрай альтэрнатывай расійскай.

Расія заўжды дзейнічала згодна з прынцыпам “Падзяляй і валадар”: не распачынала энергетычныя войны адначасова і з Беларуссю, і з Украінай. Так памяншалася магчымасць, што абодва напрамкі паставак энергарэсурсаў з Расіі будуць перакрытыя і што Беларусь і Ўкраіна падпішуць картэльнае пагадненне пра агульныя ўмовы пастаўкі. Але сёння сітуацыя змяняецца: Беларусь заручылася падтрымкай Венесуэлы, а ва Ўкраіне новая ўлада.

Сяргей Чалы: “Увесь пояс, пра які мы размаўляем, перажывае змены ўладаў. У Малдове прыбралі прапуцінскага Вароніна. Якой будзе новая ўлада — невядома, але гэта ўжо не Варонін. Памянялася ўлада ва Ўкраіне. Прычым ідэалагічна зараджанага прэзідэнта Ўкраіна памяняла на прагматычнага. А прагматычная палітыка транзітнай краіны — гэта капіяванне Ўкраінай сцэнару нашых адносінаў з Расіяй.

Праз трагічныя падзеі паскорыліся выбары ў Польшчы. І, ізноў жа, там усё ішло да замены ідэалагічнага лідэра на прагматычнага прэзідэнта. Да таго ж зараз качаецца крэсла пад Даляй Грыбаўскайтэ, бо яе падазраюць у прарасійскай пазіцыі”.


Беларусь будзе цэнтрам энергетычнага ВКЛ, пакуль трымаецца Чавес


Еўрарадыё: Слабое месца ў новай энергетычнай мадэлі — гэта трываласць ураду Чавеса.

Сяргей Чалы: “У яго зараз цяжкія праблемы. Кропка бездэфіцытнасці бюджэту — каля 80 долараў за барэль нафты. А калі не выканаць бюджэт, узрасце сацыяльная напружанасць і г.д. Але пакуль рэжым Уга Чавеса стаіць, магчыма ператварыць Беларусь у нафтаздабыўную краіну”.

Еўрарадыё: А далей Беларусь можа ці перапрацоўваць “сваю” нафту, ці “раскідаць” яе па Еўропе: ва Ўкраіну, у Літву, у Польшчу... Гэта новая для нашай краіны геапалітычная роля ў еўрапейскім рэгіёне

Сяргей Чалы: “А для Расіі гэта ўяўляе бясспрэчную небяспеку. Пуцін шмат разоў казаў, што Расія, застаючыся адзіным пастаўшчыком нафты і газу, валодае энергетычнай зброяй. І калі прыгадаць тыя ж Крэменчугскі і Мажэйкяйскі НПЗ — гэта зброя працуе! Як толькі заводы аказваліся па-за зонай кантролю расіян — “Газпрам” скарачаў ці перапыняў пастаўкі нафты, трымаючы “чужыя” НПЗ на галодным пайку.

Але калі з’яўляюцца альтэрнатыўныя экспарцёры нафты — зброя знікае! А з газам зараз сітуацыя ў Расіі яшчэ горшая. Пасля таго, як вялікія радовішчы сланцавага газу знайшлі ў Польшчы і ўва Францыі, расійскі газ Еўропе можа ўвогуле не спатрэбіцца. Да таго ж “газпрамаўскі” газ даражэйшы за катарскі. Катар за апошнія 3 гады павялічыў аб’ёмы паставак у Еўропу ў 5 разоў і спыняцца не збіраецца”.


Еўрарадыё:
А як пастаўкі нафты з Венесуэлы ўпісваюцца ў канцэпцыю Мытнага саюза?

Сяргей Чалы: “А ніяк! Расія ж сама выключыла з Мытнага саюза энергетычныя тавары. Таму нічога не зменіцца як мінімум да 1 ліпеня, калі Мытны саюз будзе пераглядаць пытанні энергарэсурсаў і пошлінаў на аўтамабілі”.

Еўрарадыё: А пасля?

Сяргей Чалы:Я не веру ў жыццяздольнасць гэтага ўтварэння. Асабліва калі пасля 1 ліпеня Мытны саюз застанецца такім жа нявыгадным для Беларусі, як цяпер. Праўда, нашыя ўлады пакуль самі баяцца сваёй смеласці. Бо гэта вельмі радыкальны паварот: хатка-хатка, павярніся да Расіі... Нават не ведаю, чым, але трэба стаць у кардынальна іншую пазіцыю!

І, хутчэй за ўсё, псіхалагічна мы да гэтага яшчэ не гатовыя. Бо рыторыка дыялогу з Расіяй напрацаваная: у адных зямлянках гнілі, натаўскія танкі... А як размаўляць з Украінай і з Прыбалтыкай — ніхто не ведае!

Уплыў Расіі саслабеў. Еўропа занятая ўнутранымі праблемамі (самая вялікая з якіх — Грэцыя), ёй не да Беларусі. І нашыя мерыдыяны раптам апынуліся без нагляду, самі па сабе. Нібыта мора разышлося і суша паднялася. Гэта ўнікальны шанс, якім нельга не скарыстацца. Бо гэта ўсяго другі выпадак за гісторыю, калі такое адбываецца”.


Еўрарадыё: А калі быў першы?

Сяргей Чалы: “А першы быў, калі ўтварылася Вялікае княства Літоўскае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі