У Вашынгтоне прайшла другая інаўгурацыя Барака Абамы (відэа)

На ўрачыстую цырымонію інаўгурацыі перад Капітоліем сабраліся больш як 500 тысяч чалавек. Як паведамляюць СМІ, Абама прыносіў прысягу на дзвюх Бібліях. На адной з іх у 1861 годзе прысягаў прэзідэнт Аўраам Лінкольн. Другая належала вядомаму змагару за правы афраамерыканцаў Марціну Лютару Кінгу. Акурат сёння ў ЗША адзначаецца нацыянальнае свята ў яго гонар.

На ўрачыстай цырымоніі прагучаў гімн ЗША ў выкананні вядомай спявачкі Беёнсе.

Нагадаем, што ў нядзелю Абама прынёс прысягу ў камернай абстаноўцы.

Пасля інаўгурацыі ў прэзідэнта ЗША прызначаны святочны абед, на якім будуць прысутнічаць сенатары і кангрэсмены. Потым адбудзецца ўрачысты парад і некалькі афіцыйных баляў, якія традыцыйна ладзяцца ў дзень інаўгурацыі.