“У тумане” паказваюць у адным кінатэатры, “бо ён для пенсіянераў"

“… у будні таксама зала добра запоўненая ў цэнтральных месцах. Збольшага ідзе сталае пакаленне, якое выхаванае на Быкаве, хто яго кнігі чытаў. А вось школьнікі і студэнты не асабліва ідуць”, — кажуць Еўрарадыё ў кінатэатры “Беларусь”.


Фільм “У тумане” Сяргея Лазніцы паказваюць у Мінску толькі ў кінатэатры "Беларусь" і толькі адным сеансам на чатыры гадзіны вечара, што даволі нязручна. У кінатэатры гэта тлумачаць празмернай загружанасцю міравымі прэм’ерамі.

“На нас, вось, скардзяцца, абвінавачваюць у тым, што мы супраць беларускіх фільмаў, але мы проста не можам яго паставіць, няма вокнаў!”

У абласных кінавідэапракатах да фільма ставяцца па-рознаму. Да прыкладу, у Брэсце стужку плануюць паказваць па ўсёй вобласці і ўжо паказваюць у самім Брэсце. У Магілёве ад фільма чакаюць неблагіх збораў, бо добрая рэклама, а вось ў Віцебскаблкінавідэапракаце нечакана кажуць:

“А вы праўда думаеце, што на гэты фільм людзі проста натоўпам ідуць?!”


У Віцебску фільм паказваюць таксама толькі ў адным кінатэатры і таксама днём — у тры гадзіны.

Дырэктар УП “Кінавідэапракат” Васіль Коктыш заўважае, што для фільма Лазніцы амаль што знайшлі вакенца паміж прэм’ерамі, але ў лепшым кінатэатры!

“Большасць фільмаў цяпер у лічбавым варыянце, а ў нас з 23 кіназалаў лічбу паказваюць толькі ў 13. Гэта неблагі вынік, але малавата. У нас па два-тры фільмы ідуць за дзень, гэта не падабаецца гледачам, не падабаецца ўладальнікам правоў на фільм і нам. Але мы ж выдзелілі не прэм’ернаму фільму лепшы кінатэатр і два тыдні! Гэта фестывальнае кіно і болей за два тыдні ён не збірае гледачоў”.


Васіль Коктыш кажа, што сеанс на чатыры гадзіны вечара ў будні разлічваўся на пенсіянераў, школьнікаў і студэнтаў.

“Фільм сацыяльны, кошт паставілі танны — 20 000 рублёў, думалі, будуць студэнты ісці, пенсіянеры, школьнікі".

Васіль Коктыш паўтарае, што пракат забіты прэм’ерамі, і таму на экраны краіны не выйшаў і фільм “Арго”, які заваяваў тры Оскары. Хаця ў Мінску паказваюцца амаль усе фільмы, што маюць "Оскар".

“Арго не паказвалі, бо палічылі, што нашаму гледачу будзе нецікава глядзець на яго, бо гэта амерыканская гісторыя, да нас далёка, і мелі рацыю, але тут ён ўзнагароды атрымаў. Трэба паказаць гледачам. Але зноў жа, няма залаў! Мо ў “Ракеце” пакажам, ну, а дзе? Да таго ж, прэм’ера была два месяцы таму. Цяпер праблема, дастаць гэты фільм”.


Васіль Коктыш кажа, што выбар фільмаў залежыць ад іх прафесіяналізму і празорлівасці — ці пойдуць беларусы на гэты фільм.

А вось у Дэпармаменце па кінематаграфіі пры Мінкульце Еўрарадыё кажуць, што сярод фільмаў, што прапаноўвае Кінавідэапракат, за апошнія паўгода ўвогуле не было прэцэдэнтаў.

“Нам часта прыносяць фільмы МУС, следчы камітэт, суды, часцей за ўсё, гэта сацыяльныя ролікі, бойкі ці яшчэ што. Мы праглядаем і пішам, ці рэкамендованы гэты фільм да прагляду. Сочым,каб на экраны не трапілі фільмы з парнаграфіяй ці жорсткасцю — гэта асноўнае правіла, якім мы кіруемся”.


У Дэпартаменце кажуць, што калі глядзець нерэкамендаваныя фільмы дома, нічога не будзе. Але калі, да прыкладу, фільм трапіць ў продаж, гандляром зоймуцца адпаведныя органы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі