У Польшчы спрачаюцца наконт правядзення Еўра-2012 ва Украіне

Кіраўнік польскай партыі “Права і Справядлівасць” Яраслаў Качынскі патрабуе ад уладаў Польшчы далучыцца да байкоту ўкраінскай часткі Еўра-2012. Прычына ў тым, што ў краіне ёсць палітвязні, тлумачыць пазіцыю сваёй партыі прэс-сакратар “Права і Справядлівасці” Адам Хофман.

Адам Хофман: “Польскія палітыкі не мусяць ехаць на ўкраінскія матчы, пакуль Юлія Цімашэнка будзе за кратамі. Увесь цывілізаваны свет, у тым ліку, такія краіны, як Германія ці Аўстрыя, ведае, што адбываецца ва Украіне. Калі будзем меркаваць, што ва Украіне ўсё ў парадку, то будзем наіўныя, як дзеці”.

Па яго словах, зараз найлепшы момант для таго, каб прымусіць палітычныя ўлады Украіны хаця б да частковых дэмакратычных зменаў.

Заяву Яраслава Качынскага пракаментаваў і яго галоўны палітычны апанент – дзеючы прэм'ер Польшчы Дональд Туск.

Дональд Туск: Заяву лідара “Права і Справядлівасці” наконт байкота Еўра-2012 ва Украіне лічу дрэнным пачаткам. Гэта – гол у свае вароты, але разам мы выправім гэтую сітуацыю”.

Раней аб сваім нежаданні наведваць украінскія матчы заявілі старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу і канцлер Германіі Ангела Меркель. Камісар ЕС па пытаннях юстыцыі Вівіян Рэдынг таксама абвясціла аб тым, што не паедзе на адкрыццё Еўра-2012. Еўрапейскіх чыноўнікаў абурае сітуацыя з парушэннем правоў чалавека ва Украіне, а таксама наяўнасць палітзняволеных (напрыклад – экс-прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка).

Здавалася б, еўрачыноўнікі кажуць пра знаёмыя беларусам рэчы – пра парушэнні правоў чалавека ды пра палітвязняў. Аднак, нягледзячы на тое, што сітуацыя ва Украіне пагаршаецца, параўноўваць яе з Беларуссю пакуль рана, лічыць Еўрадэпутат Марэк Мігальскі, маўляў, там якая-ніякая, але дэмакратыя, няхай і “кульгавая”. Таму ідэю, пазбавіць Украіну чэмпіянату Еўропы па футболе ці яго байкоту Марэк Мігальскі не падтрымлівае. Хаця менавіта гэты еўрадэпутат ініцыяваў у Еўрапарламенце акцыю супраць правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.

Марэк Мігальскі: “Лічу, што байкот – гэта рашэнне пэўных еўрапейскіх палітыкаў, але ўсе разумеюць, што і ЕС і Украіна зацікаўленыя ў тым, каб ва Украіне адбыўся чэмпіянат. І таксама відавочна, што і Еўрасаюз і Украіна зацікаўлены ў тым, каб сітуацыя з правамі чалавека паляпшалася, а не пагаршалася”.

А вось на думку Рамана Бязсмертнага, былога надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Украіны ў Беларусі, сітуацыя з чэмпіянатам свету па хакеі ў Беларусі і з Еўра-2012 ва Украіне вельмі падобныя. Аднак байкот еўрапейцаў лічыць вельмі мяккім крокам у адносінах да рэжыму Януковіча. А вось адмена чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі цалкам верагодная, чамусьці ўпэўнены былы амбасадар.

Раман Бязсмертны: “Яны падобныя, толькі з той розніцай, што чэмпіянат Еўропы адбудзецца ва Украіне, а ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі не будзе. Я не выпадкова вам гэта агучыў”.

Тым часам у Федэрацыі футбола Украіны магчымы байкот ці перанос чэмпіянату ніяк не каментуюць. Федэрацыя працуе ў нармальным рэжыме і рыхтуецца да спаборніцтваў, кажа кіраўнік упраўлення інфармацыйнай палітыкі Федэрацыі футбола Украіны Сяргей Васільеў.

Сяргей Васільеў: “Федэрацыя футбола Украіны рыхтуецца да чэмпіянату свету па футболе. Гэта прадмет нашага інтарэсу. Усё астатняе знаходзіцца за межамі, і мы не каментуем меркаванні каго б ні было, якія знаходзяцца за межамі нашай кампетэнцыі”.

Неадкладна адрэагавала на магчымы байкот турніра еўрапейскімі палітыкамі і польская прэса: 4 траўня польскія газеты выйшлі з загалоўкамі «Байкатуем байкот ЕЎРА-2012».

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі