У Мінску высадзіўся дэсант замежных відэа-перформераў

110922 Auhinia Performery Web.mp3

Нашэсце замежных гасцей прыняла сёння галерэя сучаснага мастацтва “Ў”. Там прыбралі экспазіцыі і ўсё аддалі пад LPM (Live Performers Meeting) – сустрэчу перформераў.  Гэта міжнароднае мерапрыемства 8 разоў адбывалася ў Рыме, адзін раз у Мексіцы і сёлета – сюрпрыз – у Мінску.

Такую незвычайную для віджэяў пляцоўку параіў Еўрасаюз, і грошы выдзеліў менавіта на правядзенне сустрэчы ў Мінску. Арганізатары кажуць, што гэта супала і з іх жаданнямі.

“8 разоў мы рабілі гэтую сустрэчу ў Рыме і ў 2008 вырашылі рушыць за мяжу. Паспрабавалі ў Мексіцы – нам вельмі спадабалася, – сказаў Еўрарадыё заснавальнік LMP Жан Лука Дэль Гоба (Gianluca Del Gobbo), – А зараз былі думкі пра Усход, пра месца, куды б маглі даехаць тыя перформеры, якія не могуць прыехаць у Рым з-за цяжкасцяў з візамі, і Мінск для гэтага аказаўся цудоўнай пляцоўкай”.

Цяжкасці з візамі – гэта праўда. На прыступках галерэі Еўрарадыё сустрэла творчую групу з Украіны Scrag Aisedory, якія прыехалі ў Мінск, бо летась не атрымалі італьянскую візу:

“Мы падавалі заяўка на ўдзел у LMP у Рыме, але мы не змаглі атрымаць візу, нам адмовілі ў італьянскім консульстве, але, дзякуй богу, мы з Беларуссю сябруем і візы не патрэбныя і вось мы тут”.

Затое ў еўрапейскіх гасцей было шмат цяжкасцяў з атрыманням нашай візы, і з-за гэтага да нас не даехала заяўленых 200 чалавек, а ўсяго каля 100.

Але нягледзячы на праблемы мерапрыемства пачалося, пакуль што хаатычна, але з бачным задавальненнем на тварах усіх супрычынных: 

“Як можна быць не радым таму, што ў цябе ёсць магчымасць пазнаёміцца больш чым з 100 візуальнымі мастакамі, - сказала Еўрарадыё Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар "Ў", - Канешне, гэта вельмі цікава і дзякуючы гэтаму, лічу, у Беларусі мусіць нешта зрушыцца, і ў наступным годзе мы будзем мець магчымасць бачыць медыйнае мастацтва не толькі ў сценах нашай галерэі”.


Арганізатары запрашаюць усіх, гартайце праграму, выбірайце цікавае. Удзень будуць майстар-класы ды відэаінсталяцыі, увечары і ўначы - аўдыё-візуальныя перфомансы. Усё інтэнсіўна і ўпершыню ў Беларусі.

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі