У Брэсце не будзе гарадской чыгункі (фота)

“Толькі мост праз Мухавец пакінем, дзеля пешаходнай сцежкі”, — патлумачылі ў аддзеле архітэктуры гарвыканкама. — Генеральны план развіцця горада прадугледжвае тут аўтамабільную кальцавую дарогу”.

Спецыяліст па горадабудаўніцтве Валерый Фамінскі, які скончыў нью-ёркскі каледж гарадскога адміністравання Milano School,  згадвае: на старым Генплане былі і аўтадарога, і чыгунка.

Фамінскі: “Гэта аб’язная дарога вакол Брэста. Лучыць Маскоўскі кірунак з Уладаўскім і Ковельскім.  З мінімальнымі выдаткамі — некалькі прыпыначных пунктаў абсталяваць, перахопліваючыя паркоўкі, станцыі — можна было б зрабіць гарадскую чыгунку. Але разбіраюць яе. Летась гарадскія ўлады правалаклі папраўку пры карэкціроўцы  Генплана. Шчэбеню там шмат. Ідзе як будаўнічае смецце. Бясплатная крыніца шчэбеню для будаўніцтва левабярэжных раёнаў”.

Чыгунка даўжынёй каля 15 кіламетраў была пабудаваная на выпадак атамнай вайны — надзейна, кажа спадар Фамінскі.  Амерыканцы напэўна замкнулі б яе ў кальцо вакол горада. Ідэальнае злучэнне новых раёнаў і адначасова разгрузка цэнтра.

Яшчэ гады два таму на чыгунцы мянялі шпалы, месцамі нават паставілі бетонныя. Цяпер рэйкі і новыя шпалы прыбралі. Сям-там не паспелі вывезці бетонныя шпалы. Іх скочваюць сабе з 10-метровага насыпу гаспадары лецішчаў, якіх паабапал чыгункі тысячы.  Шчэбень таксама ўжо зграбаюць.