У Беларусі з’явілася месца, дзе збіраюць дарожныя ямы

Згодна са стандартамі, калі яма на дарозе перавышае па плошчы памеры 30 на 30 сантыметраў і яе глыбіня большая за 5 сантыметраў, такая выбоіна павінна быць агароджаная спецыяльным плотам, бо нясе небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху. Аб праекце расказвае яго заснавальнік Павел Баташоў.

111027 batashou s.mp3

Баташоў:  “Праект, які мы ўзялі за ўзор, ужо даўно існуе ў Расіі. Я ўжо больш за 10 гадоў з'яўляюся актыўным аўтамабілістам і падумаў, што трэба б было нешта зрабіць з нашымі дарогамі. Бо беларускае заканадаўства прадугледжвае скаргі на дрэннае дарожнае пакрыццё як у дзяржаўныя органы, так і непасрэдна ў суд. Наш сайт – гэта такая сацыяльная сетка, дзе людзі могуць паскардзіцца на наяўнасць ям. Усё гэта скіравана на больш камфортнае жыццё нашых аўтамабілістаў. Можа, з часам гэта ператворыцца ў моцны грамадскі рух і прымусіць чыноўнікаў, адказных за дарогі, болей варушыцца. Сёлета я пабываў у розных краінах — і на Захадзе, і на Усходзе, — магу засведчыць, што ямы ёсць усюды. І на мой погляд, сітуацыя на нашых дарогах яшчэ адносна добрая і паляпшаецца год ад году.

Еўрарадыё: А навошта тады ваш сайт, калі сітуацыя, як вы кажаце, год ад году паляпшаецца?


Баташоў: Я казаў пра транспартныя магістралі, а першыя здымкі з ямамі, якія сталі нам прысылаць, знаходзяцца недзе на перыферыі, у дварах і на пад'ездах да шматпавярховых дамоў. І гэта вялікая праблема. Бо там высокія начальнікі не ездзяць, і таму больш дробныя чыноўнікі спяць сабе ў шапку, да іх не дагрукацца.

Еўрарадыё: Можа некалькі слоў пра тое, як і што мусіць рабіць чалавек, які такую яму заўважыў?

Баташоў: Мы стварылі гэты сайт як рэсурс за бяспеку на дарогах. І актыўныя людзі могуць карыстацца нашым сайтам, каб адаслаць сваю скаргу чыноўнікам. Рэгістрацыя не патрэбная. І на сайце ўжо ёсць падрыхтаваныя фармуляры скаргі. А чыноўнік, згодна з заканадаўствам, павінен адказаць на скаргу на працягу пятнаццаці дзён і паведаміць, як ён на гэтую скаргу адрэагаваў.

Еўрарадыё: Ці не ўлічваеце вы такі момант, што дзяржорганы будуць ігнараваць такія інтэрнэт-скаргі?


Баташоў: Максімальны тэрмін адказу чыноўніка на скаргу выносіць 30 дзён. Пасля гэтага, калі ніякіх дзеянняў з боку чыноўніка па прывядзенні сітуацыі ў парадак не будзе, можна несці скаргу ў суд па ланцужку.

Еўрарадыё: На сайт ужо звярнула ўвагу шмат людзей. Ці не плануеце вызначыць нейкую ўзнагароду таму, хто прышле фотаздымак самай вялікай і жудаснай ямы?


Баташоў: Пакуль што не. Бо мы не праводзілі рэйтынгаў яшчэ, а таксама рэсурс існуе на прыватныя сродкі, якія я бяру са свайго сямейнага бюджэту. Да таго ж, я не маю магчымасці атрымліваць грошы ад спонсараў, калі б яны з'явіліся. У бліжэйшай будучыні нічога такога не плануецца. Але з часам... чаму не? Тым больш, што сайт знаходзіцца ў адкрытым доступе толькі двое сутак і ўжо такая папулярнасць. Думаю, што ўсё ў нас наперадзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі