Турбаза на беларускім возеры даражэйшая, чым мора ў Чарнагорыі

“Я не адпачываю даражэй чым за тысячу долараў ці еўра, —
адразу папярэджвае дырэктар турфірмы “Комарк” Кацярына Ковель, якую сустракаем
на выставе “Адпачынак 2013”. — Мне вельмі спадабалася Марока. Унікальная
краіна, але мала экскурсій, трэба самому ездзіць”.
Але фірма Кацярыны ў Марока не возіць. Асноўныя напрамкі:
Турцыя, Кіпр, туры па Еўропе. Ёсць нават адмысловы тур для дзяцей.
Кошты, як кажа дырэктар, амаль леташнія. Але сёлета больш шырокае ранняе
браніраванне. І беларусы плацяць за адпачынак больш, чым летась.
Каля стэнда беларускай базы адпачынку “Чачэлі”, што недалёка
ад Мінска, чаргі з патэнцыйных турыстаў няма. Кошты ўражваюць!
“Кошты ў нас растуць, для беларусаў робіцца непрымальным
адпачынак. Суткі прыблізна 40 долараў — гэта пражыванне і харчаванне. Астатняе
за дадатковыя грошы. Мільёнаў 10 выйдзе дакладна за два тыдні. Але ўсё адно нам
цяжка выйсці ў плюс: выдаткі на электрычнасць, добры выгляд”, — расказваюць
супрацоўніцы базы “Чачэлі”.
Парадокс, але пры такіх коштах жадаючых хапае, у асноўным —
расіяне. А самі супрацоўніцы адпачываюць у Балгарыі.
Каля стэнда турфірмы “Смалянка”, якая займаецца адпачынкам у
Чарнагорыі, цікаўных шмат. Гэта з-за коштаў, запэўнівае мяне намесніца
дырэктара Наталля Міхайлава.
“Крыху падаражаў самалёт, але так, кошты не мяняліся. На два
тыдні ад 430 еўра і вышэй. У гэтым годзе нейкі бум з Чарнагорыяй”, — адказвае Наталля.
Сама адпачывае таксама ў Чарнагорыі, у Бечычах.
Студэнтка Алеся, якая разглядае стэнд з прапановамі па
адпачынку, ужо вызначылася, дзе праводзіць лета. Збіраецца ў тур па Еўропе.
“Ёсць прапанова паехаць у тур па Еўропе: дзевяць краін
старога свету. Такі тур каштуе 540 еўра. Паездка 12 дзён і адпачынак на моры ў
Іспаніі — тры дні”, — рыхтуецца да адпачынку Алеся.
Яўген улетку збіраецца на Міжземнае мора. Мінулае лета ён
правёў у Крыме, цяпер назбіраў грошай на Еўропу.
“У Еўропу куды-небудзь збіраемся. Можа, у Чэхію, а можа, да
Міжземнага мора. Цяпер ужо ёсць нешта, каб паехаць”, — гаворыць Яўген.
Летась з Беларусі выехала паўмільёна турыстаў, паведамляе
Белстат. Найбольш беларусаў ездзіла ў Расію, Украіну, Балгарыю, Грэцыю, Егіпет,
Іспанію.