Ці ведаюць дэпутаты пра папраўкі, якія прымаюць?

Папраўкі ў КоАП прымаюць дэпутаты парламента, таму Еўрарадыё вырашыла звярнуцца па тлумачэнні менавіта да народных абраннікаў. 


"А гэта каму адміністратыўная адказнасць? Таму, хто прадастаўляе паслугі доступу ў інтэрнэт, ці таму, хто карыстаецца?" — нечакана ўдакладняе ў нас (!) старшыня камісіі па правах чалавека дэпутат Юшкевіч і... абяцае высветліць пытанне.


За папраўкі ў Кодэкс дэпутаты прагаласавалі яшчэ ўвосень. Таму не губляем надзеі прасвятліць сітуацыю. Звяртаемся ў парламенцкую камісію па прававых пытаннях.


Дэпутат Міхалевіч адказвае, што гэта не да яго. "У мяне зусім іншыя тэмы былі", — апраўдваецца ён, і раіць звярнуцца да старшыні камісіі і былога старшыні суда Цэнтральнага раёна Мікалая Самасейкі.


Той запэўнівае, што пытанне вывучаў. Але, маўляў, яно не ў кампетэнцыі камісіі, таму дэтальна адказаць не зможа. "Так шмат законапраектаў у галаве не ўтрымаеш".


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Скавародка таксама не гатовы адказаць: "Дружа, я за рулём еду і мне нязручна размаўляць. І законамі... я не памятаю там усё папраўкі і не гатовы вам нічога каментаваць".


У прыёмнай Палаты прадстаўнікоў журналісту Еўрарадыё раяць звярнуцца ў парламенцкую камісію па нацыянальнай бяспецы. Але там ніхто не адказвае на тэлефанаванні! А ў камісіі па правах чалавека Еўрарадыё падказваюць: пытанні з інтэрнэтам — у кампетэнцыі камісіі... па прамысловасці. Намеснік сакратара камісіі ўдакладняе: дэпутаты вырашалі толькі пытанне памеру штрафа, таму не могуць тлумачыць прэзідэнцкі ўказ. Тым не менш, кожны з народных абраннікаў прагаласаваў за адказнасць, у якой так складана ім самім разабрацца.

Фота: bymedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі