Ці можна вызначыць, што подпісы зробленыя адным чалавекам?

"Падпісныя лісты даследаваліся дзвюма групамі крыміналістаў з МУС, яны знайшлі частку датаў, якія ставіліся адной рукой. У нас такога быць не можа! Людзі дасведчаныя, не адну кампанію прайшлі. Мы будзем абскарджваць. Я ўпэўнены, што гэта не адпавядае рэчаіснасці", — распавядае кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Юрась Меляшкевіч.

Цяпер выйсце толькі адно — выклікаць людзей, подпісы якіх прызналі несапраўднымі, каб яны пацвердзілі ці не. Але пакуль выбарчая камісія не паказала тыя подпісы, хто гэтыя людзі — невядома.

Юрась Меляшкевіч: "Нам не выдалі акт праверкі і не будуць выдаваць, як паведаміў старшыня камісіі".

Каб абскардзіць рашэнне акруговых камісій у ЦВК, прэтэндэнты маюць тры дні.

"Заканадаўствам прапісана, што чалавек, які збіраўся ў кандыдаты, мае права паглядзець лісты, у якіх былі памылкі", — кажа Ігар Драко, яго таксама не зарэгістравалі. З-за памылак у асабістых дадзеных. Да саміх подпісаў прэтэнзій няма, але няправільнае афармленне падпіснога ліста — паводле закону таксама парушэнне.

"Не магло быць столькі людзей з памылкамі ў нумарах дамоў і кватэр", — Ігар Драко збіраецца пераправяраць за выбарчай камісіяй свае падпісныя лісты.

На мясцовых выбарах 2003 года ў ваенным гарадку Печы подпісы Сяргея Салаша прызналі несапраўднымі. Па той жа прычыне, што і ў Мілінкевіча. Салаш тады дайшоў да суда, людзі пацвердзілі свае подпісы, але... кандыдатам яго не зарэгістравалі.

Давялося абыходзіць усіх падпісантаў. Добра, што на мясцовых выбарах трэба было сабраць толькі 100 подпісаў.

"Метадам тыку я знайшоў людзей, у якіх падманам былі ўзятыя распіскі, у якіх гаварылася, што людзі за мяне падпісваліся, але дату ставіў сябра ініцыятыўнай групы", — згодна са словамі Сяргея Салаша, сябры камісіі з міліцыянтамі прыходзілі ў кватэры і прасілі пакінуць подпіс на пустым аркушы, для параўнання:

"Вось, вы на чыстым аркушы распішыцеся, мы праверым подпіс і кандыдата зарэгіструем. Зверху над подпісам друкаваўся тэкст, у якім гаварылася, што дату праставілі не ўласнаручна".

Мікалай Лазавік распавядае Еўрарадыё гісторыю пра прадстаўніка адной з партый, які прыйшоў скардзіцца. Акруговая камісія прызнала яго подпісы несапраўднымі з-за таго, што сябры ініцыятыўнай групы самі пісалі дату.

"Тыя лісты, якія ён прынёс, было відавочна, што ўсе даты прастаўленыя адной рукой. Адным почыркам, каліграфічна прыгожыя, роўныя, усе лічбы аднолькавыя. Там сумненняў быць не можа. Тым не менш апыталі сябра ініцыятыўнай групы і ён сказаў, што сваёй рукой паставіў. Не прачыталі закон проста-такі".

Сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча сцвярджаюць, што даты кожны падпісант ставіў уласнаручна. Але адваротнае прызнаюць эксперты-крыміналісты з МУС.


Як даведалася Еўрарадыё, вынікі такой экспертызы даволі дакладныя, але 100-працэнтнай гарантыі не даюць.

"Ёсць пэўныя нахілы, схема напісання літар і лічбаў. Кожны чалавек піша па-рознаму. Нехта робіць левы нахіл, нехта правы. Напрыклад, возьмем адзінку. Нехта ставіць палачку, нехта палачку з рыскай уверсе, нехта з рыскай уверсе і ўнізе — класічная лічба 1. Для таго, каб ведаць дакладна, які чалавек напісаў гэтую лічбу, то для гэтага трэба ўзяць лічбу і яе напісанне гэтым чалавекам 15-20 разоў", — распавядае эксперт украінскага дэтэктыўнага агенцтва "Конрад".

Кожную лічбу трэба параўноўваць з такой жа лічбай ва ўсіх датах. Але пажадана праводзіць аналіз не па адной, а па некалькіх лічбах. Паводле слоў супрацоўніка дэтэктыўнага агенцтва, групе экспертаў, каб правесці параўнальны аналіз адной (!) лічбы з 10 іншымі, трэба прыблізна 1,5 гадзіны.

У Мілінкевіча было каля 3 тысяч подпісаў! Навошта траціць столькі часу працы экспертаў-крыміналістаў, калі прасцей было проста абзваніць людзей?

"Такі спосаб самы распаўсюджаны, калі сябры камісіі проста абтэлефаноўваюць грамадзян. Не заўсёды можна знайсці тэлефон", — адказвае сакратар ЦВК Мікалай Лазавік

У акруговай камісіі ва Уруччы распавядаюць, што некаторым людзям тэлефанавалі і яны пацвярджалі, што самі дату не пісалі. Але пакуль сябрам ініцыятыўнай групы не паказалі не толькі вынікі экспертызы, але і несапраўдныя подпісы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі