"Толькі за матч “БАТЭ — Баварыя” вынеслі 20 келіхаў!"

121012_savi4_tyriat.mp3

Больш за ўсё ад нашэсця нячыстых на руку наведвальнікаў пакутуюць сталовыя. У адной са сталовых Белдзяржуніверсітэта адзначаюць, што ў апошні час выносіць з сабой лыжкі-відэльцы-талеркі сталі значна менш.

Звычайна сезон “прыборы са сталовых” супадае з пачаткам навучальнага года і засяленнем у інтэрнаты.

“Самі разумееце: пачатак года, студэнты бяруць са сталовых прыборы і ў інтэрнат...  Зараз у нас алюмініевыя прыборы — дык іх проста круцяць, у васьмёркі згінаюць. За год закупляем некалькі разоў новыя прыборы”.

Загадчыца сталовай універсітэта прызнаецца, што нельга ўсю віну валіць на студэнтаў. Выкладчыкі таксама гэтым грашаць.

“Але хачу вам сказаць, мы эксперымент праводзілі, паклалі нержавейку ў студзені, калі, здаецца і студэнтаў няма. І ўсё роўна знікалі і прыборы, і талеркі. Я ўжо неяк не вытрымала і пагразіла, што з аховай па кабінетах пайду. Прыносілі па 10-15 талерак за дзень”.

Студэнцкія звычкі многія пераносяць і ў самастойнае жыццё.

Адміністратары забаўляльных устаноў Мінска, нават самых гламурных, часцей неахвотна прызнаюцца, што “ўсё нясуць, як ва ўсіх: і перачніцы, і сальніцы, і лыжкі з відэльцамі”.

У рэстаране ўзбекскай кухні “Бухара” хваляцца, што сярод сваіх наведвальнікаў клептаманаў не ведаюць:

“У нас напэўна няма чаго нясці. Прыборы ў нас вельмі дарагія – адзін відэлец больш за 50 тысяч рублёў. Мы сочым за гэтым”.

У “Life-pub” даўно заўважылі асаблівую любоў наведвальнікаў да келіхаў — 0,3 і 0,5 літра. Пытаюся, як можна вынесці цэлы келіх — у кішэню яго асабліва не схаваеш. Але супрацоўнікі паба смяюцца:

“Выходзяць папаліць і сыходзяць разам з келіхамі. Хай выносяць, нам для наведвальнікаў нічога не шкада. Звычайна куфлі выносяць падчас матчаў. Вось за матч БАТЭ — "Баварыя" куфляў 20 “сышло”. Сёння таксама матч — таксама панясуць, мы ўжо да гэтага маральна гатовыя”.

Да гэтай з'явы ў пабе ставяцца даволі спакойна: келіхі ўстанове дастаюцца бясплатна.

А вось у кавярні, што каля Белдзяржцырка, адзначаюць асаблівую любоў наведвальнікаў не толькі да відэльцаў і лыжак, але і да элементаў дэкору.

“У нас на сталах да Новага года стаялі ёлкі — сантыметраў дваццаць у вышыню, аздобленыя шарыкамі. Дык адна жанчына ў сумачку паклала – я сам бачыў. На выхадзе адабралі ёлку!”.

У рэстаране распавядаюць, што часта наведвальнікі выносяць маленькія лыжкі і нават талеркі!

“І відэльцы, і лыжкі, і келіхі і нават талеркі. У сумку складаюць і думаюць, што не відаць!”

У рэстаране на Карла Маркса прызнаюцца, што не могуць намаляваць партрэт злодзея.

“Не ведаем, ад каго і чакаць гэтага — падаецца, публіка прыстойная, а выносяць попельніцы! Была, глядзім – і ўжо знікла”

У суседнім кафэ “Лыжкі” часта выносілі бірулькі ад гардэроба ў выглядзе маленькіх лыжачак і падстаўкі пад гарачае. Цяпер бірулек стала менш — і выносіць перасталі.

У кавярнях і рэстаранах прызнаюцца, што практычна не змагаюцца з гэтым — бессэнсоўна:

“У нас за дзень вельмі шмат людзей праходзіць, за ўсімі проста не ўсочыш! У нас народ проста такі — нясуць усё, што хоць трохі дрэнна ляжыць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі