Тэса Сутэр і Apple Tea пераасэнсавалі класікаў

120215 Svjardlou Tessa.mp3

Для свайго другога  канцэрту ў Мінску джазавая спявачка з Нью-Йорку Тэса Сутэр падрыхтавала праграму на музыку вядомых класічных кампазіцый. Пераасэнсаванне класічных твораў - з’ява не новая. Але ў Тэсы атрымалася здзівіць мінскую публіку свежымі  цікавымі аранжыроўкамі і кранальнымі тэкстамі, якія яна напісала сама.

Ідэя падрыхтаваць такую праграму нарадзілася вельмі спантанна, распавядае Тэса Сутэр. Так, напрыклад, аднойчы спявачка прачнулася з мелодыяй, аўтара якой нават не магла ўзгадаць – дапамаглі студэнты музычнага каледжа. Другая кампазіцыя прыйшла да Тэсы літаральна за тыдзень да пачатку запісу альбома высока над аблокамі падчас падарожжа з Лондана ў Нью-Йорк.

“Шмат ідэй да мяне прыходзяць са звычайнага жыцця, – распавядае Тэса. - Аднойчы падчас аднаго з пералётаў, я паглядзела ў самалёце тры фільмы. А калі вярнулася дадому – не магла ўзгадаць, у якім канкрэтна я чула адну мелодыю, на якую ў мяне нарадзіліся словы. Давялося перашукаць у інтэрнэце”.

 

Новую праграму гледачы прымалі вельмі цёпла. На шчырыя і бурныя апладысменты ньюёркская дзіва сціпла ўсміхалася і дзякавала па-руску.

З летуценнымі песнямі Тэсы здавалася, што на час канцэрту ты апынуўся на адной з вулачак Нью-Йорку, у невялічкім клубе, дзе збіраюцца аматары якаснага джазу. Лірыка Тэсы Сутар, дарэчы, вельмі “амурная”, што напярэдадні дня ўсіх закаханых і вялікай колькасці парачак у зале, было вельмі дарэчы. Увогуле канцэрт атрымаўся вельмі падобным да кінастужкі, дзе героі нібыта пражываюць розныя жыццёвыя і, натуральна, пачуццёвыя сітуацыі.

 

 

Зараз Тэса Сутэр занятая працай над новым праектам, з якім хацела б яшчэ раз прыехаць у Беларусь. Гэтым разам спявачку натхнілі іспанскія матывы і запал фламенка. Першую аўтарскую кампазіцыю з гэтай праграмы Тэса і Apple Tea прадставілі падчас канцэрту. І гэта быў, бадай што, самы незвычайны і яскравы  момант праграмы! Гітарыст Apple Tea Міша Філіпеня выдаваў чароўнае фламенка-сола разам з Ігарам Сацэвічам на басу. А астатнія музыканты выстуквалі ў ладкі сінкапічныя рытмы. У пэўны момант клавішнік “Чаёў” Косця Гарачы  прыняўся шамацець нотнымі старонкамі і падыгрываць калегам на вечку раяля! І сапраўды, хто сказаў, што піяніна не ўдарны інструмент?!

 

 

Пасля канцэрту Тэса Сутэр распавяла Еўрарадыё, што на іспанскую тэму яе натхнілі  “Эскізы Іспаніі” – вядомы альбом Майлса Дэвіса. Сваю іспанскую праграму джазавая дзіва хоча прывезці і ў Беларусь.

 “Я б вельмі хацела прыехаць яшчэ раз! Наступная імпрэза, з якой бы мне хацелася выступіць у вас, - гэта фламенка-праект. Я б хацела напісаць тэксты на англійскай мове да іспанскіх мелодый. А таксама пераглядзець казачную плытку Майлза Дэвіса “Sketches of Spain”. Я б хацела зрабіць што-небудзь такое – джазавы праект, які б паказаў, як я адчуваю сябе. І абавязкова прыеду з ім да вас”.




Канцэртам Тэсы Сутэр і Apple Tea агенцтва “Эквілібрыум Артс” адсвяткавала другі Дзень нараджэння.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі