Снапкоў: “Чым менш казаць пра крызіс, тым меншая яго верагоднасць”

― Ці можаце вы сёння патлумачыць, з-за чаго здарыўся
абвал эканомікі ў 2011-м годзе? І ці больш мы застрахаваны ад паўтору такіх жа
катаклізмаў сёння?
― задаем пытанне міністру эканомікі Беларусі Мікалаю Снапкову падчас яго
прамой лініі ў газеце “Рэспубліка”.

Мікалай Снапкоў: Вам шчыра сказаць? Чым менш мы будзем казаць пра
крызіс, тым меншая верагоднасць, што ён адбудзецца. Крызіс перш-наперш у
мазгах. Я ў гэтым глыбока перакананы. Чаканні, нагнятанні абстаноўкі, інсінуацыя,
мусіраванне ў прэсе экспертамі ніякім чынам не прыносяць пазітыўнага выніку.
Самае складанае ў эканоміцы ― гэта псіхалогія. Таму мой вам адказ: чым менш мы
будзем казаць пра гэта, тым лепш.

Мне ўяўляецца, што ўрад зрабіў высновы з 2011-га года і
годна  выйшаў з гэтай сітуацыі. Я не хачу
сёння тут і цяпер, у 2013-м годзе, абмяркоўваць тое, чаму гэта адбылося. Нямала
было прысвечана гэтаму пытанню пасяджэнняў Саўміна, у тым ліку і прэзідэнт даваў
ацэнкі дзеянняў ураду. Усё аб’ектыўна, усё мае сэнс. Нам патрэбна глядзець у
заўтра, кіруючыся папярэднім досведам і робячы правільныя высновы з тых
памылак, якія былі ў папярэднія гады. Іх нельга называць і памылкамі, паколькі
мы такім чынам развіваліся.

Многія краіны дагэтуль у падобнай сітуацыі, неразвіцця,
скажам так. Эканамічны блок ураду зробіць усё магчымае з пункту гледжання
збалансаванага развіцця эканомікі. А з боку эканамічных агентаў
(прадпрыемстваў, насельніцтва, кожнага з нас) самае важнае ― гэта спыніць
мусіраванне тэмы.

Мікалай
Генадзьевіч, і ўсё ж такі, калі б у 2011-м годзе людзі не кінуліся да
абменнікаў, ці ўдалося б пазбегнуць крызісу?


Мікалай Снапкоў: Мне
складана адказаць на ваша пытанне. Гэта складнік аднаго цэлага. Гэта не ёсць
прычына, але і не ёсць следства.

Ці
пасля таго ўроку наша эканоміка змяніла курс, ці стала яна развівацца інакш? Ці
можаце сказаць, што сёння мы больш застрахаваны ад паўтору такога?


Мікалай Снапкоў:
Мы лічым, так. Развіццё эканомікі сёння мае больш якасны характар і больш
збалансаваны.

Нагадаем, што ў першай палове 2011 году купіць валюту ў
абменніках стала больш складана, чым атрымаць шэнгенскую візу. Цэны ў крамах
выраслі прыкладна ўдвая. У выніку давялося правесці дэвальвацыю рубля. Многія
эксперты прычынай крызісу назвалі тое, што перад прэзідэнцкімі выбарамі штучна
“нацягвалася” сярэдняя зарплата, выдаваліся рублёвыя крэдыты на льготнае жыллё,
нягледзячы на інфляцыю. 

Фота TUT.BY