"Смуткую па смерці Кадафі"

Еўрарадыё выпадкова заўважыла, што ў будынку Міністэрства замежных спраў Беларусі на паштовай скрыні для карэспандэнцыі амбасады Лівіі дагэтуль вісіць налепка з зялёным сцягам.

Але дыппрадстаўніцтва Лівіі ў Мінску 22 жніўня змяніла зялёны сцяг на штандар нацыянальнага пераходнага савету. І ў канцы жніўня амбасада Лівіі афіцыйна паведаміла беларускаму МЗС аб змене сцяга ды іншых аспектах у сувязі з сітуацыяй у краіне.


На наступны дзень пасля забойства Кадафі журналіст Еўрарадыё спаткаў двух маладых лівійцаў, якія выйшлі з пасольства сваёй краіны і нешта абмяркоўвалі па тэлефоне.


"Мы вызвалілі горад. Мы ўжо забілі самага вялікага тэрарыста ў свеце. У нас вельмі багатая краіна, але ў нас нічога няма ў Лівіі, нават добрай бальніцы. Усе грошы ляжаць у яго кішэні. Наш народ вельмі кепска жыве там у Лівіі. Мы хочам толькі свабоды. Мы хочам жыць у міры і спакою. Усё будзе добра. Самае важнае, што яго забілі. Лепш, што яго забілі. Калі б яго судзілі, то ён быў бы герой, як Садам. А так лепш: забілі і ўсё".



У самой амбасадзе адказалі, што пакуль нічога каментаваць не будуць. Увогуле там пастаянна было шмат народу, нехта прыходзіў, нехта сыходзіў. Мужчыны выходзяць папаліць, а двое малых лівійцаў здымаюць новы сцяг на свае фотаапараты. Ахоўнік сказаў, што пасольства працуе ў спакойным рэжыме.


Дарэчы, далёка не ўсе мінакі, якіх мы сустрэлі ля лівійскай амбасады, прыязна ставяцца да таго, што адбылося ў афрыканскай краіне.


Малады чалавек: "Вельмі кепска да гэтага стаўлюся. Неяк сімпатызаваў ранейшай уладзе. Смуткую па смерці Кадафі".
Спадар: "Кепска стаўлюся. Краіну разбурылі, не разумею, за што і навошта. Мяняць уладу — няхай бы мянялі, а навошта разбамбавалі, гэтага я не ведаю".


Малады чалавек: "У Лівіі, мне падаецца, — гэта праблема ЗША, а не самой Лівіі. Праблема ў нафце. Думаю, яны самі ўсё вырашаць, і не трэба ў гэта ўмешвацца Еўропе".


Дзяўчына: "Станоўча стаўлюся, таму што няма больш такога чалавека, які перашкаджае людзям жыць".


Рэакцыі беларускага МЗС на падзеі ў Лівіі пакуль няма. А вось Іран ужо выказаўся наконт смерці свайго былога саюзніка Кадафі, назваўшы гэта "вялікай перамогай" і заклікаўшы найхутчэй вывесці замежныя войскі з краіны.


"У дэспатаў і прыгнятальнікаў на працягу ўсёй гісторыі няма іншага лёсу, акрамя разбурэння і смерці", — перадае словы афіцыйнага прадстаўніка іранскага МЗС Раміна Мехманпараста тэлеканал "Аль Арабія".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі