Шведскі самалёт з мядзведзямі маглі засекчы толькі ў Валожыне

"У нас пакуль інфармацыі пра тое, што было перасячэнне мяжы, няма. Тая інфармацыя, якая з'яўляецца ў інтэрнэце, зразумела, правяраецца", — і цяпер у Памежным камітэце не мяняюць свой афіцыйны каментар: парушэння мяжы самалётам не было зафіксавана. Памежнікі адзначаюць, што не зразумела, ці ляцеў самалёт над мяжой, бо на відэа бачны толькі палёт над Івянцом і Мінскам. Магчыма, намякаюць, што самалёт мог узлятаць не з Літвы, а з тэрыторыі нашай краіны.

Што ж, Еўрарадыё звяртаецца ў беларускія аэраклубы. У мінскім, які займае аэрадром Баравая”, нам расказваюць, што арандаваць самалёт — лёгка. І нават скласці свой адвольны маршрут палёту можна. Толькі машын французскай маркі Jodel тут няма. Толькі “кукурузнік” Ан-2.

“Палёты толькі на Ан-2. На Як-52 пакуль немагчыма”.


Тое самае кажуць і ў віцебскім аэраклубе. Аднак на відэа, знятым з зямлі ў Івянцы і з самалёта над Мінскам, выразна бачны адзін і той жа самалёт, і гэта зусім не “кукурузнік”. Абрысы яго крылаў дакладна сведчаць — гэта Jodel.

Машыну адчайных шведаў лёгка знаходзім у двух каталогах — англійскім і шведскім. Супадае і афарбоўка, і бартавы нумар — SE-CIB. Абодва сведчаць: самалёт зарэгістраваны ў Швецыі, мае крэйсерскую хуткасць 200 км за гадзіну і здольны ўзлятаць з любых пляцовак і ляцець на малых вышынях.

Каб прасвятліць сітуацыю, Еўрарадыё звяртаецца да былога жаўнера беларускіх войскаў супрацьпаветранай абароны.

Ён расказвае, што калі пілот будзе захоўваць рэжым радыёмаўчання — знайсці невялікі самалёцік змогуць толькі радары, размешчаныя ў Валожыне. Але зусім не факт: іх магчымасці абмежаваныя. Сістэма тая ж, што ў свой час прапусціла Руста на Маскву, прыняўшы яго “Сэсну” за чараду птушак. А гэты самалёт амаль удвая большы за Jodel шведаў.

Як даведалася Еўрарадыё, лёгкія самалёты не першы раз перасякаюць беларуска-літоўскую мяжу! Памятны выпадак з літоўскім пілотам, які некалькі разоў перавозіў нелегальных мігрантаў з Беларусі ў сваю краіну, пакуль не разбіўся над глухім лесам, зачапіўшыся за дрэвы. Беларускія вайскоўцы так бы і не ведалі пра гэта, калі б грыбнікі не знайшлі самалёт.

Ад мяжы з Літвой да Мінска каля 110 кіламетраў, 220 кіламетраў за паўтары гадзіны самалёт мог праляцець, што і казалі пілоты - шведы

Яшчэ адзін выпадак здарыўся ў 2008 годзе. Супрацьпаветраная абарона спрацавала лепш — літоўскі самалёцік здолелі пасадзіць з дапамогай знішчальніка ў Лідзе. Машыну канфіскавалі, а пілота і яго пасажырку аштрафавалі на 4,5 тысячы долараў і дэпартавалі.

Яшчэ пытанне — як паўплывала на паспяховасць акцыі шведаў дата палёту? Нагадаем, што ён адбыўся раніцай 4 ліпеня, акурат тады, калі краіна яшчэ адзначала Дзень незалежнасці, а вайскоўцы прыходзілі ў сябе пасля параду.

Былы жаўнер беларускіх войскаў СПА перакананы — тут шведам пашанцавала. Пасля парадаў значная частка афіцэраў ідзе ў кароткі адпачынак, а жаўнеры маглі самалёт проста прапусціць, баючыся самастойна прымаць рашэнні.

Адсюль, па словах пілотаў, самалёт узляцеў і накіраваўся ў бок беларуска-літоўскай мяжы


Фота: abpic.co.uk, airplanes.se

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі