На Love Pop-up Shop у фаварытах былі гумкі Love is...

11 лютага ў музеі гісторыі беларускага кіно прадавалі валянцінкі. Прычым валянцінкі, зробленыя з чаго заўгодна – лямцу, цеста ці дроцікаў. Сэрцайкі ўпрыгожвалі зайцаў і мядзведзяў, лялек і анёлаў, паштоўкі і кексы і проста прымушалі наведвальнікаў дызайнерскага кірмашу Love Pop-up Shop сябе набываць. Найбольшым попытам, паводле прадаўцоў, карысталіся ўпрыгожанні, цацкі і валянцінкі. А яшчэ буфет, кажа чараўніца Марына, за кексамі і цукеркамі якой стаяла велічэзная чарга.

Марына: “Буфет, ён заўсёды карыстаецца попытам, мабыць, людзям падабаюцца розныя “смачнулькі”, набываюць іх адразу ў падарунак. Таму што ёсць розныя пячэнькі ў форме сэрцаў, з зефіркамі, яны клёвыя, прыгожыя. Тры  віды кексаў я зрабіла – бананавыя, з фінікамі і шакаладна-мафінныя. Пячэнькі з лавандай. Адмыслова для свайго каханага я зраблю кексы, і яшчэ я тут набыла яму вельмі класнага ката”.


У лаўцы Марыны прадавалася яшчэ адна рэч, якая вабіла пакупнікоў да сябе – даўно забытыя гумкі “Love is...”. Амаль кожны лічыў патрэбным набыць парачку. А некаторыя, як наша суразмоўца Дар’я, забівалі гумкамі прыгожыя святочныя скрыначкі.

“Мой падарунак будзе сімвалізаваць бязмежныя пяшчоту і клапатлівасць і маленькі крок у мінулае – проста каб мой каханы чалавек усміхнуўся, - распавядае Дар’я і дадае: а ўвогуле, я была ўпэўнена, што гэтая выстава будзе вельмі цікавай, і іншай магчымасці, пабываць і паглядзець на людзей, якія нешта робяць, у нас няма. Набываць нешта гатовае, штампаванае мне не цікава. Цікава паглядзець на тое, на што нашы людзі здольныя. Я вельмі рада. Малайцы. Супер!”


Большасць пакупнікоў “пяшчотнага хэндмэйду”, па назіранні дызайнераў – дзяўчаты. Праўда, пад свята ўсіх закаханых за падарункамі пацягнуліся парачкі, заўважае Наталля – аўтарка прыгожых папяровых мядзведзяў. 

Наталля: Набываюць больш парачкі. Парачкі набываюць парачкі.

Еўрарадыё: А што вы падорыце свайму каханаму на свята?

Наталля: Сваё сэрца.

Еўрарадыё: А мядзведзя?

Наталля: Мядзведзя я яму ўжо падарыла (смяецца).

Дзень святога Валянціна ўжо дастаткова замацаваўся ў календары сучасных беларусаў. Прычым, і тых, каму да 20-ці, і тых, каму за 50. Размаўляем з жанчынай ў капелюшы.

Еўрарадыё: Вы святкуеце гэтае свята?

Таццяна: Вядома, святкую – гэта выдатнае свята, свята ўсіх закаханых! Каханне кіруе ўсім, і калі ёсць каханне – значыць ёсць жыццё.

Еўрарадыё: А што вы падарыце свайму каханаму ў гэты дзень?

Таццяна: (уздыхае) Каханне!

Еўрарадыё: А чаму вы менавіта сюды прыйшлі за падарункам?

Таццяна: Мне вельмі цікава, чым займаецца моладзь. Я думаю, гэта цудоўна, калі моладзь нешта стварае, прыдумляе. Калі моладзь робіць такія рэчы, значыць, усё ў нас будзе добра.

Нагадаем, дызайнерскі кірмаш Pop-up Shop ладзіцца ў Мінску ўжо другі раз. Першы - Christmas Pop-up Shop прайшоў на Каляды з відавочным аншлагам. Сакрэт поспеху новага тыпу кірмашоў просты – беларусам надакучыла фабрычная сувенірная нудота і ім захацелася тэматычнага душэўнага хэндмэйду.Тым больш, заўважае прадавец неверагоднага торту з поп-корну, падарункі заўсёды ў фаворы! 

Прадавец торту: “Падарункі заўсёды актуальныя. Таму падобныя кірмашы ўвесь час карыстаюцца попытам і, я думаю, будуць карыстацца незалежна ад падзеі і свята”.

P.S. Еўрарадыё пакінула “пяшчотны” кірмаш таксама не з пустымі рукамі. Сачыць за працай кірмашу можна на адмысловай старонцы сеткі vkontakte. А ўвогуле, дарыце падарункі, будзьце закаханымі і ўсё такое!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі