Шаўцоў: Калі сёння будзе гвалт – у Беларусі магчымы сірыйскі сцэнарый

29 чэрвеня ў 19:00 па ўсёй Беларусі пачнецца акцыя “маўклівага пратэсту”. За тры гадзіны да яе лідары беларускай апазіцыі збяруцца на супольную прэс-канферэнцыю. Ці звязаныя гэтыя падзеі паміж сабой? Пра гэта Еўрарадыё спытала ў палітолага Юрыя Шаўцова.

“Я ўпэўнены, што звязаныя. Проста, лагічна звязаныя”, – адказаў той.

Еўрарадыё: А як менавіта, на вашу думку, яны звязаныя?

Юрый Шаўцоў: “Ёсць логіка развіцця палітычных пратэстаў праз сацыяльныя сеткі, яна вядомая па іншых краінах. Пратэст даходзіць да той фазы, калі на вуліцы выходзіць больш за 5 тысяч чалавек, і тады да яго падключаюцца арганізаваныя палітычныя партыі і рухі, якія прыходзяць са сваімі структурамі, якія ў іх ужо ёсць, са сваімі актывістамі. І гэтыя актывісты надаюць масе пратэстоўцаў нейкую форму і арганізаванасць”.

Еўрарадыё: Для Беларусі гэта добра ці дрэнна, калі прыйдзе апазіцыя з лозунгамі, сцягамі? Бо да гэтага часу акцыі былі маўклівымі – без патрабаванняў, без лозунгаў.

Юрый Шаўцоў: “Паўтаруся, у палітычнага пратэсту ёсць логіка. Калі пратэстоўцаў робіцца шмат, заўжды з’яўляюцца формы іх арганізацыі. А таксама палітыкі, якія прэтэндуюць на тое, каб узначаліць дэманстрантаў. Нашы пратэсты дайшлі да такой фазы, калі з’явіліся палітыкі, якія хочуць стаць на іх чале”.

Еўрарадыё: Але ад з’яўлення палітычных лідараў згубіцца сама канцэпцыя “маўклівага пратэсту”?

Юрый Шаўцоў: “Згубіцца, але не адразу. Яшчэ ёсць пэўны час, калі гэтая канцэпцыя можа развівацца”.

Еўрарадыё: Хто з апазіцыянераў можа ўзначаліць гэтыя пратэсты?

Юрый Шаўцоў: “Ніхто. Яны спробу зробяць, але яны не здолеюць узначаліць”.

Еўрарадыё: Вы ў сваім ЖЖ напісалі, што вынік акцыі вядомы – ўсіх разгоняць. А ці з’явіцца новы лідар?

Юрый Шаўцоў: “Новы – наўрад ці, але тое, што разгоняць – гэта 90%”.

Еўрарадыё: Чаго яшчэ можна чакаць ад сённяшняй акцыі?

Юрый Шаўцоў: “Маліцеся, каб не было нейкага акту гвалту. Бо калі будзе хаця б адзін забіты ў выніку любых выпадковасцяў, тады ўсе гэтыя пратэсты, якія сёння такія ціхія, пяройдуць у агрэсіўную фазу. І калі дзясяткі тысяч чалавек агрэсіўна сябе будуць паводзіць, тады ў нас крызіс пяройдзе ў тую фазу, якая цяпер, напрыклад, у Сірыі”.

Еўрарадыё: Што можна чакаць на акцыі 3 ліпеня, калі вы кажаце, што ўжо сёння можа быць вельмі жорсткі разгон?

Юрый Шаўцоў: “Усё залежыць ад таго, што будзе сёння. Мне падаецца, што ў нас не будзе ніякіх істотных актаў гвалту, не будзе ахвяраў. Проста будзе звычайна, з нейкім новым элементам у выглядзе БРСМаўцаў. Калі так будзе, тады і 3-га ніякай акцыі апазіцыі не будзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі