Сельсавет: Калі не прыйдзеце працаўладкоўвацца, даставяць з міліцыяй

121121_martynovi4_bezprazounyja.mp3

Жыхару вёскі Стараград Уладзіміру Новікаву даслалі позву з сельсавету, каб прыйшоў працаўладкоўвацца:

“Вам неабходна з’явіцца ў сельскі выканаўчы камітэт на сумоўе з начальнікам упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва па пытанні працаўладкавання. Яўка абавязковая. У выніку няяўкі вы будзеце дастаўленыя супрацоўнікамі РАУС”, — гаворыцца ў позве.

Але па прыходзе Уладзіміру прапанавалі “віртуальныя вакансіі”.

Уладзімір Новікаў: “Старшыня сельсавету прапануе мне працу ў паляводчай брыгадзе. Прыходжу, а аграном кажа, што людзі не патрэбныя. Працы няма”.

Не змог уладкавацца Уладзімір і слесарам, па парадзе старшыні сельсавета. Няма месцаў. Так і сядзіць без працы, але позвы больш не дасылаюць.

У сельсавеце сваю барацьбу з беспрацоўем называюць… выніковай. Але прызнаюць: з пагрозамі забраць з дому з міліцыяй — перагнулі.

“Ну, так нельга пісаць, вядома, але так было напісана. Можа, з-за гэтага яны і прыйшлі ўсе. Бо наш народ трэба калі бізуном, калі пернікам. Начальнік цэнтра сацыяльнага абслугоўвання з Кармы прыязджаў і прымаў грамадзянаў. У нас жа тут паспіваліся ўсе. І падзейнічала. Многія пайшлі на працу. Вось жанчына пайшла: яна ў запоі была — цяпер даярка. Яе сужыцель на трактар пайшоў”, — кажуць ў сельсавеце і ганарацца, што прыйшлі ўсе два дзясяткі чалавек, каго запрашалі.

Позва на працаўладкаванне

У Маскоўскім раёне сталіцы чатыры сотні беспрацоўных на ўліку. Найбольш старанна тут уладкоўваюць… раней асуджаных. І тут дапамагае міліцыя!

“Мы шчыльна працуем з РУУСам. Яны нас інфармуюць аб вызваленні. А пасля мы інфармуем, хто з іх да нас звяртаўся. Даем па 7 накіраванняў на працу. Тыя, хто ўхіляецца, — з імі праблемы. Мы інфармуем міліцыю, дасылаем ім запрашэнні. Міліцыя са свайго боку працуе з імі, і часам, пасля прафілактычнай працы, прыходзяць”, — тлумачаць у аддзеле працаўладкавання Маскоўскага раёна.

Нягледзячы на ўсе старанні, тут уладкавалі на працу толькі палову усіх асуджаных. І заўважаюць, што цяпер працу ім знайсці нескладана, бо патрабуецца шмат рабочых, нават без кваліфікацыі.

“Беспрацоўных у нас на ўліку 392 чалавекі. З пачатку года мы працаўладкавалі ўсяго 1,8 тысячы чалавек”, — расказваюць Еўрарадыё ў аддзеле працаўладкавання Маскоўскага раёна.

Паводле Белстата ў Беларусі цяпер 26,5 тысячы беспрацоўных. Гэта 0,6% ад усіх, хто можа працаваць у краіне.

Фота: bymedia.net, spring96.org (фота даведкі)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі