Савет ЕС у пятніцу абмяркуе Беларусь, Сірыю і Сахель

Беларусь – адна з трох прыярытэтаў паседжання міністраў замежных спраў краін ЕС 23 сакавіка, разам з сітуацыяй у Сірыі і афрыканскім рэгіёнам Сахель.

Дакумент адназначна не гаворыць, што санкцыі будуць узмоцненыя: "Абмежавальныя захады ЕС могуць быць узмоцненыя з улікам далейшага пагаршэння сітуацыі". Нагадаем, што раней еўрачыноўнікі неаднойчы абяцалі пашырыць санкцыі. Выглядае, што Брусэль усё яшчэ спадзяецца, што да 23 сакавіка будуць вызваленыя палітычныя вязні.

Паказальна, што па Сірыі дакумент гаворыць, што "пасля заключэння Еўрапейскага Савета 1-2 сакавіка [які вітае пашырэнне санкцый] Савет ЕС верагодна пашырыць абмежавальныя захады супраць сірыйскага рэжыма". У гэтых самых заключэннях Еўрапейскі Савет вітаў і пашырэнне санкцый у адносінах да Беларусі.

Еўракамісар Андрыс Піебалгс на слуханнях у Еўрапарламенце 14 сакавіка нагадаў пра словы кіраўніцы дыпламатычнай службы ЕС Кэтрын Эштан. Яна прапаноўвала ўключыць у "чорны спіс" іншых бізнэсменаў, які падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі ці маюць непасрэдную выгоду праз яго, на паседжанні Савета ЕС 23 сакавіка, калі да гэтага часу не вызваляць палітвязняў.

"На жаль, беларускія ўлады не зрабілі нічога, каб мы змянілі сваю палітыку [пашырэння санкцый]: ані выпусцілі і рэабілітавалі палітычных зняволеных, ані зменшылі ціск на апазіцыю, ані палепшылі сітуацыю з правамі чалавека. Далейшыя санкцыі верагодна не палепшаць нашых двухбаковых адносінаў. Гэта варта жалю, але непазбежна, бо мы адданыя сваім каштоўнасцям", — падсумаваў Андрыс Піебалгс.

15 сакавіка Еўрапарламент перанёс рэзалюцыю па Беларусі на канец месяца, каб "даць беларускім уладам час абдумаць і зрэагаваць на сітуацыю".

Пасля апошняга пашырэння санкцый 27 лютага ў дачыненні да 21 асобы беларускія ўлады  запатрабавалі ад старшыні дэлегацыі ЕС і польскага амбасадара пакінуць краіну для кансультацый. 28 лютага ЕС на знак салідарнасці адклікаў з Беларусі ўсіх амбасадараў краін ЕС на кансультацыі ды выклікаў усіх беларускіх амбасадараў у адпаведныя замежныя міністэрствы. Зараз у "чорным спісе" ЕС знаходзіцца 231 асоба. У дачыненні да 227 з іх (усе, апрача Навумава, Шэймана, Паўлічэнкі і Сівакова) ужываецца і замарозка актываў і маёмасці ў Еўрасаюзе.

Фота: ap.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі