Рымашэўскі: “Усе, хто выязджае сёння, маюць на гэта дазвол КДБ”

“Я знаходжуся пад судзімасцю. Два гады ў мяне судзімасць. І мой выезд за межы Беларусі можа стаць падставай для крымінальнага пераследу”, — тлумачыць Віталь Рымашэўскі прычыны свайго абурэння.

Учора палітык вярнуўся ў Беларусь пасля тыднёвай адсутнасці і адразу стаў прычынай невялікага скандалу. Газета “Народная воля” напісала пра яго паездку ў Брусэль. Як высветлілася, сустаршыня БХД ехаў у тым самым купэ, дзе аршанскія міліцыянты “знайшлі” наркотыкі ў Сяргея Калякіна, Аляксандра Атрошчанкава і Анатоля Лябедзькі. Іх усіх ссадзілі з цягніка. А вось Рымашэўскаму дазволілі выехаць.

“Я ўсё патлумачыў журналісту. І сказаў яму, што калі хочуць мяне скампраметаваць, то могуць чарговы раз напісаць пра маё мяккае месца”, — расказвае Віталь Рымашэўскі.

Палітык лічыць, што выпусціўшы яго ў Брусэль беларускія спецслужбы хацелі падзяліць апазіцыю на тых, хто за санкцыі, і тых — хто супраць.

“Усе, хто выязджае сёння, маюць на гэта дазвол КДБ. У тым сэнсе, што іх не затрымліваюць. Затрымліваюць людзей вельмі выбарачна. Тых, хто мае крытычнае стаўленне да рэжыма і хто падтрымлівае санкцыі. Ім улада такім чынам затыкае рот”.

На пытанне Еўрарадыё аб пазіцыі сустаршыні БХД адносна санкцый, Віталь Рымашэўскі адказаў, што публічна не выказваўся ні за, ні супраць іх.

Рымашэўскі таксама спасылаецца на тое, што затрыманыя ў Оршы апазіцыянеры прынялі яго бок і прасілі данесці да Захаду іх агульную пазіцыю. Сустаршыня БХД расказаў Еўрарадыё, што ў першыя хвіліны ў яго была думка сысці з цягніка разам з затрыманымі, аднак ён палічыў, што больш правільна будзе ўсё ж застацца ў цягніку.

“Аляксандр Атрошчанкаў увесь час дасылаў мне смскі з падтрымкай. Пакуль у яго тэлефон не адабралі. Прасіў данесці нашу агульную пазіцыю”.

Рымашэўскі гаворыць, што яму ўдалося паўдзельнічаць у абмеркаванні мадэрнізацыйнага пакета для нашай краіны. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што ЕС будзе рэальна падтрымліваць рэформы ў Беларусі, у тым ліку фінансава. Рэформы будуць распрацаваныя супольна прадстаўнікамі ЕС і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі