Рэжысёраў з Акадэміі мастацтваў размеркавалі весці гурткі

121005_martynovi4_pegysery.mp3

“Мая спецыялізацыя — рэжысёр кіно, мастацкі фільм. Размеркавалі на пасаду педагога дадатковай адукацыі. Вось цяпер закончыў пісаць навучальную праграму, чым ніколі не займаўся дагэтуль”, — расказвае Ігар Падалінскі.

Заробак у гуртку – 1,5 мільёна рублёў. Да размеркавання працу Ігар не шукаў, спадзяваўся на “вольны дыплом”. Бо папярэдніх выпускнікоў не размяркоўвалі.

Спрабаваў пісаць і ў Акадэмію мастацтваў і ў Міністэрства культуры, што размеркаванне не адпавядае яго прафесіі, бо ў ВНУ не было педагагічных дысцыплін і практыкі. Чыноўнікі адказваюць, што “атрыманая кваліфікацыя дазваляе быць педагогам дадатковай адукацыі”.  Разам з ім у гурток размеркавалі Алену, якая таксама вучылася на рэжысёра.

Яшчэ адну выпускніцу Акадэміі — Аляксандру — таксама хацелі адправіць вучыць дзетак. Але дзяўчына прынесла сваё накіраванне на працу.

“Я ўзяла размеркаванне з тэлебачання. Загадзя прынесла заяўку”, — адказвае дзяўчына. Пашанцавала.

Выпускнік спецыяльнасці “рэжысура” Уладзімір проста не прыйшоў за дыпломам. Не хацеў быць педагогам, у замен прапанавалі ехаць у… касцюковіцкі Дом культуры. Дарэчы, у дыпломе знянацку хітра з’явіўся дадатак — выкладчык.

“Мы не паступалі на выкладчыка, — кажа Уладзімір. — Прапаноўвалі ехаць у Касцюковічы, абяцалі, што ў працоўнай напішуць “рэжысёр”. Не паехаў”.

У дэканаце факультэта экранных мастацтваў ганарацца, што ўсім далі першае месца працы. Вольны дыплом з пяці выпускнікоў атрымаў толькі шматдзетны тата. Відаць, не пацягнуў бы сям’ю на заробак у цэнтры творчасці.

“А хто яшчэ акрамя нашых выпускнікоў можа накіроўваць дзяцей у кіно, каб ужо да нас паступалі падрыхтаваныя. Сёння не даюць здымаць кіно, толькі таму, што ёсць дыплом рэжысёра. Патрабаванні жорсткія”, — расказваюць Еўрарадыё ў дэканаце.

Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё,  адзін з дыпломных праектаў будучых рэжысёра і аператара абыйшоўся дзяржаве ў 15 тысяч долараў на дваіх.

У “Беларусьфільме” нас запэўніваюць, што “маюць маладых рэжысёраў на ўвазе”. І не бачаць нічога дрэннага ў размеркаванні ў гурток.

“Пару выпускнікоў кінастудыя мае на прыкмеце. Але рэжысёр залежыць сам ад сябе. Калі нават размеркавалі ў гурткі, яны могуць здымаць. Бо рэжысёр, як пісьменнік. А размеркаванне… гэта не творчая прафесія”, — кажуць у Беларусьфільме.

І сапраўды, зняць фільм з заробкам у 1,5 мільёна рублёў — гэта фантастыка.

А вось перапіска выпускніка Акадэміі мастацтваў Ігара з чыноўнікамі:

Заява ў Міністэрства культуры

І адказ з ведамства

А таксама адказ з Акадэміі мастацтваў

Фота 1: govorim.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі