За паўгода “водкуп” ад размеркавання падаражэў на… 40 мільёнаў рублёў

121002_martynovi4_razmerkavanne.mp3

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце недалічыліся толькі аднаго маладога спецыяліста. Выпускніца не даехала ў лясную гаспадарку на працу. У суд пакуль не падавалі.

“Адзін бюджэтнік не прыбыў на месца працы. Варта будзе кампенсаваць расходы. Паўгода мы чакаем, пакуль сродкі паступяць на рахунак”, — расказваюць Еўрарадыё ў рэктараце БДТУ.

Еўрарадыё знаходзіць гэтую дзяўчыну, якая адмовілася ад абавязковай адпрацоўкі. Юліі яшчэ пашанцавала, бо яна атрымала дыплом да павышэння базавай. Таму сёння яна вінная універсітэту 32 мільёны рублёў. Пасля павышэння мінімалкі адкупіцца стала даражэй на 40 мільёнаў!

“Я туды прыехала, мне сказалі 800 тысяч аклад, плюс прэмія. Агулам 1,6 мільёна рублёў. Цяпер жыву ў Мінску і трэба было ехаць 40 хвілін на маршрутцы. Грошай не хапіла б нават на кватэру”, — тлумачыць Юля сваю адмову ад размеркавання.

Доўг дзяржаве ў 32 мільёны дзяўчыну не пужае, пачала збіраць грошы яшчэ на 5 курсе, бо ведала, якую прыкладна працу прапануюць. Грошы трэба вярнуць да лістапада. Юля адкрыла сваё ІП, працуе на сябе.

Аднакурсніца Марыя на размеркаванне паехала ў Клічаўскі лясгас. Жыве ў вёсцы, за 50 кіламетраў ад дому.

“Я бабруйчанка, дадому езджу на выходныя. Жыллё — вясковы дом, распальваю печку. Заробак добры — у раёне 4 мільёнаў рублёў”, — расказвае маладая спецыялістка. Пашанцавала з заробкам!

У Магілёўкім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова чацвёра выпускнікоў яшчэ не даехалі да месцаў працы. У суд пакуль не падавалі, разаслалі лісты былым студэнтам і… чакаюць.

“Пакуль не можам іх дастаць. Пішам, каб патлумачылі нам, чаму не паехалі адпрацоўваць”, — наракаюць у  Магілёўскім дзяржаўным універсітэце.

Калі былыя студэнты не паедуць — давядзецца выплаціць каля 80 мільёнаў рублёў. Нямала!

А вось БДУ пакуль нават не падлічваў, ці ўсе выпускнікі даехалі да працадаўцаў. Кожны год у галоўнай ВНУ краіны кажуць пра “адзінкавыя выпадкі”.

фота: cuppon.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі