Расійская фірма выкупляе ў дзяржавы беларускага выпускніка за 60 мільёнаў

120719 Marcin_Razmerkavanne.mp3

Арцёму Качароўскаму пашанцавала. Замест размеркавання выпускнік факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ паедзе здабываць фосфарныя ўгнаенні ў расійскі Кіраўск. На нармальны заробак.

“Вучыўся на горнага інжынера-механіка. Знайшоў размеркаванне на Мінскі завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але з’явілася прапанова паехаць у Расію. Паеду туды. Гэта горад Кіраўск, прадпрыемства займаецца здабычай фосфарных угнаенняў”, — расказвае Арцём.

Як высветліла Еўрарадыё, на станкабудаўнічым заводзе ў Мінску Арцёму абяцалі каля 2,5 мільёнаў рублёў. У Расіі — больш за тысячу долараў. Адна праблема: за 5 гадоў бюджэтнага навучання ён вінен дзяржаве каля 60 мільёнаў рублёў. Але… расійская фірма заплаціць.

“Яны прыязджалі да нас на кафедру. Быў конкурс, трэба было некалькі тэсціраванняў прайсці. Прыязджала жанчына з Кіраўску — інспектар па кадрах. І ў выніку мне даслалі запрашэнне”, - кажа Арцём.

Будзе не сумна, бо ў Кіраўск едзе і яго аднакурсніца. Выпускнікоў БНТУ ў гэтым годзе выкупаюць упершыню. Сёлета ў гэтай ВНУ ад размеркавання за грошы адкупляюцца пяць чалавек, гавораць у аддзеле кадраў:

“У гэтым годзе больш, чым летась. Яны самі пішуць заяву: "Прашу зрабіць разлік і выдаць свабоднае размеркаванне". Мы не адмаўляем”, - гавораць у аддзеле кадраў БНТУ.

Паводле Кодэксу аб адукацыі, разлічыцца за вучобу можна без суда. Адразу на месцы.

У Магілёўскім універсітэце імя Куляшова ад адпрацоўкі адкупляецца пару чалавек. Адзін выпускнік ужо выплаціў грошы, прыгадвае прарэктар гэтай ВНУ Мікалай Бузук:

“Пакуль толькі пару чалавек. Адзін ужо выплаціў. Вось цяпер на прыёме мама выпускніцы факультэта журналістыкі. Глуская газета іх не задаволіла. Дзяўчына з Клічава”.

Не захацела працаваць за 180 кіламетраў ад дому.

У галоўнай ВНУ краіны — БДУ — таксама ёсць тыя, хто адкупаецца. Як кажуць, “гэта адзінкавыя выпадкі”.

“Напрыклад, за мяжу запрасілі ці на камп'ютарную фірму з высокімі акладамі. Яны разумеюць, што змогуць кампенсаваць суму за некалькі месяцаў”, — тлумачаць у рэктараце БДУ.

У БДУ, каб адкупіцца да абявязковай адпрацоўкі трэба заплаціць каля 100 мільёнаў! Летась па ВНУ адкупіцца ад размеркавання каштавала 30-50 мільёнаў рублёў. Толькі ў БДУ водкуп ад адпрацоўкі падаражэў удвая.

Фота: economics.gsu.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі