Разбураны выбухам дом пад Лагойскам збіраюцца аднаўляць

“Я ў момант выбуху была на працы. Прыехала літаральна праз 35 хвілін пасля выбуху. У гэты момант убачыла, што руйнуецца дом. Ну, зразумела, карціна – немагчыма апісаць. Жахліва. Тое, што мы бачым па тэлебачанні ў гэтых краінах – землятрусы, усё… Гэта было тое ж самае”, -- расказвае Еўрарадыё жыхарка таго самага дому Тамара Буклеева.

17 жыхароў разбуранага дому па-ранейшаму жывуць у санаторыі “Рудня”, хоць перасяліць іх адтуль планавалася да канца мінулага тыдня.
“Лёс наш, магу вам адразу сказаць – невядомы. Тое, што нам адразу казалі – што дадуць кватэры, усё іншае – гэта ўсё рассеялася. Нам сказалі, што будуць аднаўляць дом”.

Людзям расказваюць пра аднаўленне дому, хоць камісія, якая ацэньвае яго стан, яшчэ не завяршыла працу. Cтаршыня мінскага абліспалкома Барыс Батура у эфіры канала “Беларусь 1” запэўніў, што разбурэнні дазволяць вярнуць жыхароў у іх кватэры.
Але нават не аднаўленне будынку непакоіць людзей найбольш. У бліжэйшы час іх збіраюцца перасяляць з санаторыя ў лагойскі гатэль. А ён да працяглага жыцця папросту не прыстасаваны.
“Уяўляеце, перасяліць нас у гатэль! “А мы нададзім пяці пакоям статус інтэрната і вы будзеце плаціць капейкі”. Але як? Дзе харчавацца, дзе мыцца, дзе праць? Ну, бытавыя такія пытанні… Кажуць, што нешта прыдумаюць. А вы ведаеце, што калі кажуць, што “нешта прыдумаюць”, то нічога не будзе. І мы катэгарычна адмовіліся ад гатэлю. Сказалі, што калі выганяць з санаторыя, то надвор’е дазваляе – будзем жыць на вуліцы”.
Прычыну жадання ўладаў выселіць пацярпелых ад выбуху з санаторыя знайсці лёгка. Кожныя суткі пражывання аднаго чалавека каштуюць у “Рудні” 2 мільёны рублёў. Нявыгадна для раённага бюджэту. Людзі, тым часам, згодныя атрымаць хаця б сацыяльнае жыллё.
“Мы хочам, каб нам далі сацыяльнае жыллё. Хай мы не зможам яго выкупіць, хай яно будзе дзяржаўным. У Лагойску ж вялікае будаўніцтва вядзецца. Там ёсць 16-кватэрны дом. Яшчэ не размеркаваныя кватэры. Нам патрэбна ўсяго 5 кватэр -- пенсіянерам”.

Дарэчы, з пацярпелымі ад выбуху сустракаюцца выключна мясцовыя чыноўнікі. Мінабароны, якому належыць разбураны будынак, ад каментарыяў адмаўляецца. Лагойскія чыноўнікі – таксама, спасылаючыся на незавершанасць следства. У выглядзе кампенсацыі пацярпелыя жыхары атрымалі пакуль толькі па 2 мільёны.

“Лёс наш, магу вам адразу сказаць – невядомы. Тое, што нам адразу казалі – што дадуць кватэры, усё іншае – гэта ўсё рассеялася. Нам сказалі, што будуць аднаўляць дом”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі