Расіяне “Иван Купала” будуць спяваць на “Камяніцы” палескія песні

Фолк-фестываль “Камяніца”, які адбудзецца 15 верасня пад Мінскам, праліў святло на сваю праграму. Хэдлайнерам у гэтым годзе будзе расійскі гурт “Иван Купала”. На галоўнай сцэне таксама выступяць беларускія калектывы “Ліцвіны”, “Юр’я”, “Крамбамбуля” і Наста Някрасава з гуртом FolkRoll.

Арганізатары нагадваюць, што гурт “Іван Купала” з хітамі “Кострома” і “Коляда” праславіўся ў канцы 90-х. Калектыў вельмі арыгінальна на той час спалучаў электронныя

аранжыроўкі і карнявы фальклор. Гэтым летам у калектыву выйшаў трэці студыйны альбом пад назвай “Родина”.

“ У сваёй творчасці мы шмат выкарыстоўваем беларускія народныя песні – менавіта

з іх большай часткай складаўся наш другі альбом "Радио Награ" (2002), таму

запрашэнне з Мінска нас вельмі цешыць, – распавёў кіраўнік гурта Аляксей Румянцаў.

– Новы альбом атрымаўся беларуска-ўкраінскім – мы працавалі з песнямі Палесся,

у чым нам вельмі дапамагла вядомая фалькларыстка Зінаіда Мажэйка, якая жыве ў

Мінску”.

Фестываль "Камяніца" ў гэтым годзе будзе праходзіць 15 верасня з 12 да 21 гадзіны. На ім упершыню з’явіцца сцэна аматарскіх калектываў. Таксама гледачоў чакаюць традыцыйныя рамёствы, сярэднявечныя забавы, дэфіле і конкурс нацыянальных строяў, выставы фатографаў і мастакоў.

Калі вы жадаеце ўзяць удзел у любым з гэтых напрамкаў, пішыце на адрас [email protected].

Месца правядзення – Музей народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо (5 км.

за аўтарынак "Малінаўка"), дзе сярод маляўнічых лугоў можна ўбачыць сабраныя

з усёй Беларусі драўляныя дамы і іншыя пабудовы 18-20 стагоддзяў. Усе грошы

за ўваход атрымлівае музей, што дапамагае яму захоўваць экспанаты.

Кошты квіткоў — 25 тыс. для дарослых і  12,5 тыс. для школьнікаў. А для

дашкольнікаў і наведвальнікаў у нацыянальных строях — уваход вольны.

Даведка: (033) 673 83 97.

Фота: peredvizhenie.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі