Расійскія СМІ: Лукашэнка патлумачыў валютны крызіс

Як перадае ИТАР-ТАСС, Лукашэнка адзначыў, што "нафта за апошнія некалькі месяцаў падаражэла ў два разы", хоць насамрэч нафта вырасла ў цане не так значна: на пачатку студзеня барэль еўрапейскай нафты маркі WTI каштаваў крыху  менш за сто долараў за барэль, а ў сярэдзіне красавіка прадаецца ў раёне 120 долараў.

Прэзідэнт Беларусі таксама сказаў, што з-за нафты падаражэў газ, значна выраслі цэны і на іншую сыравіну, якая практычна не здабываецца ў краіне. "ВУП за сёлета вырас на рэкордныя 11 адсоткаў, прамысловасць — на 12 адсоткаў, а валюты ў краіне ўсё адно бракуе", — прызнаў Лукашэнка.

Раней прэзідэнт Беларусі называў іншую прычыну валютнага крызісу. На пачатку красавіка ён растлумачыў, што попыт на валюту звязаны з тым, што ўлетку Беларусі трэба будзе падвысіць мыты на імпартныя аўтамабілі.

Валютны крызіс напаткаў Беларусь яшчэ пры канцы 2010 года, калі насельніцтва стала скупляць валюту, асцерагаючыся дэвальвацыі мясцовых рублёў. На пачатку 2011 года крызіс пайшоў на спад, аднак затым у беларускіх СМІ пачалі з'яўляцца паведамленні пра тое, што попыт на долары і еўра ізноў пачаў расці. У частцы абменнікаў запасаў валюты ўжо не засталося, у іншых за ёй утвараюцца чэргі.

Беларускія ўлады інфармацыю пра дэвальвацыю называюць чуткамі і заклікаюць грамадзян не панікаваць. Чыноўнікі таксама прымаюць розныя захады для паслаблення ціску на беларускі рубель. У прыватнасці, яны абмежавалі выдачу валюты па банкаўскіх картках за мяжой, перасталі прадаваць валюту фінансавым арганізацыям для наступнага перапродажу насельніцтву і забаранілі прадаваць золата за мясцовую валюту, піша Лента.ру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі