Прэзідэнта НАК Лукашэнкі ў спісе сябраў дэлегацыі няма

120711 Luka6uk Luka.mp3

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведваў Алімпійскія гульні ў Пекіне і ў Нагана. Ці будзе ён сваёй прысутнасцю ўздымаць баявы дух нашых алімпійцаў у Лондане? Тым больш, што форму алімпійца ён таксама атрымаў. Прынамсі, яе афіцыйны варыянт, у якім і праводзіў удзельнікаў беларускай зборнай.


Як паведамляе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы НАК Алег Грынько, у складзе афіцыйнай дэлегацыі ў Лондан сапраўды некалькі высокіх чыноўнікаў НАК.


Алег Грынько: “Ёсць (у складзе дэлегацыі. — Еўрарадыё) афіцыйныя асобы. Гэта — першы віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Заічкоў і віцэ-прэзідэнт Сяргей Цяцерын”.


Але ці можа ўнесены ў спіс неўязных у краіны ЕС Аляксандр Лукашэнка ўвогуле трапіць у Лондан? Рэч у тым, што беларускія ўдзельнікі Алімпіяды і сябры алімпійскай дэлегацыі едуць туды без віз — ставіць іх няма патрэбы. Але, як тлумачыць Еўрарадыё міжнародны эксперт Андрэй Елісееў, гэта не адчыняе дзверы ў краіну ЕС беларускаму кіраўніку.


Андрэй Елісееў: “Па прылёце ў аэрапорт будзе кантроль дакументаў. А Лукашэнка — у чорным спісе. Таму ён не можа апынуцца такім чынам у Брытаніі”.


Між тым вядома, што для ўдзелу ў канферэнцыі АБСЕ па запрашэнні гэтай арганізацыі ў Вену ляціць неўязная ў ЕС старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына. І ёй без праблем выдалі на час канферэнцыі візу. Але нават калі кіраўніку Нацыянальнага алімпійскага камітэта дашле запрашэнне на Гульні ў Лондан Міжнародны алімпійскі камітэт, то і тады пранікнуць у Вялікабрытанію ў Лукашэнкі шанец мізэрны. Таму што хоць МАК, як і АБСЕ, міжнародная арганізацыя, але не міжурадавая.


Андрэй Елісееў: “Калі б гэта была міжнародная міжурадавая арганізацыя і яна дасылала афіцыйнае запрашэнне Лукашэнку, то краіна Еўрасаюза абавязаная была б выдаць візу. Але калі гэта арганізацыя не міжурадавая, то тады краіна можа выдаць, а можа — і не. Тады яна пытае ў Савеце ЕС у іншых краін, ці дазваляюць яны зрабіць такое выключэнне. Калі ніхто не супярэчыць, то віза выдаецца, калі супярэчаць, то прымаецца рашэнне кваліфікаванай большасцю”.


Такім чынам, візу неўязному ў ЕС краіна можа выдаць у якасці выключэння — нацыянальную і толькі на час канкрэтнага мерапрыемства. Але калі размова ідзе пра такую высокапастаўленую асобу, як прэзідэнт Беларусі, то наўрад ці краіна захоча рабіць такое выключэнне.

Фота: http://fota.bymedia.net/, http://noc.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі