Праваслаўныя вернікі святкуюць Ражджаство

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт павіншаваў праваслаўных вернікаў з Ражджаством Хрыстовым. У ягоным пасланні сярод іншага згадваецца, што сёлета будзе адзначацца вельмі важная дата — 1700-годдзе знакамітага Міланскага эдыкту, пасля з’яўлення якога хрысціянства стала дамінуючай рэлігіяй Рымскай імперыі. Дзякуючы імператару Канстанціну, які шануецца як хрысціянскі святы, рэлігія здолела ўмацавацца.

“Гады ішлі, і разам з несумненнымі дабротамі, прынесенымі Царкве Міланскім эдыктам, стала відавочна, што ў асяроддзі хрысціян вера пачала паступова астываць. Хрысціянства выбіралі не толькі як шлях спасення, але і як знак лаяльнасці да ўлад, дзеля доступу да дзяржаўных прывілеяў. Дарагія браты і сёстры! Кнігу гісторыі пішуць чалавечыя сэрцы. I тое, што адбывалася 1700 гадоў таму, адбываецца і ў нашы дні.

Дзякаваць Богу, у Беларусі добрыя адносіны паміж дзяржавай і Царквой. Мы развіваем супрацоўніцтва, будуючы адносіны на грунце маральных каштоўнасцей. Але сёння важна памятаць, што хрысціянства мае справу не толькі з супольнасцямі людзей: яно звернута да кожнай асобы. Гасподзь чакае ад нас рашэння: ці ўпусцім мы Яго ў наша сэрца, ці яно будзе занята клопатамі веку гэтага. Ці ёсць у нас золата веры, ладан малітвы і смірна пакаяння (гл. Мф. 2: 11), каб дастойна сустрэць Тварца?”, — гаворыцца ў пасланні мітрапаліта Філарэта.

Ражджаство (або Раство) — адно з найбуйнейшых царкоўных святаў. Яму папярэднічае перыяд посту, калі вернікам трэба абмяжоўваць сябе ва ўжыванні пэўных прадуктаў харчавання.

Асабліва строгі пост выконваецца напярэдадні свята, на Куццю. Заканчваецца ён “пасля першай зоркі”, якая з’яўляецца на небе ў святы вечар. В царкве напрыканцы набажэнства выносяць вялікі зніч, які сімвалізуе віфлеемскую зорку. Вернікі трымаюць пост менавіта да вынасу гэтай сімвалічнай “зоркі”.


З 7 студзеня пачынаюцца гэтак званыя “калядныя святкі” — перыяд адзначэння Раства. Заканчваюцца яны на Вадохрышча — 19 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі