Прадпрымальнік зарабляе на ветраку 8 мільёнаў рублёў у месяц

121022_martynovi4_vetrak.mp3

Уладальнік базы
адпачынку ў вёсцы Краснагорка, што на Браслаўшчыне, Ігар Цярэшчанка вырабляе
энергію з дапамогай ветраной устаноўкі магутнасцю 130 кілават. Хапіла б на пяць
такіх баз, прызнаецца Ігар, але энергію ён прадае дзяржаве і будзе ставіць
ветракі яшчэ. Выгадна.

Ігар Цярэшчанка:
“За адзін кілават дзяржава плаціць 1500 рублёў. Праўда, калі няма ветру, ён
стаіць. За мінулы месяц з гэтага ветрака атрымаў каля 8 мільёнаў рублёў”.

Вятрак каштаваў
больш за 54 тысячы еўра, бо набываўся праз пасярэднікаў. Хутка Ігар Цярэшчанка
паставіць яшчэ дзве ўстаноўкі удвая большай магутнасці. Абедзве — па 40 тысяч
еўра.

Ды ля Нарачы
цяпер круцяцца два ветракі. Адзін на 250, другі на — 400 кілават магутнасці.

“Там поруч вёска
Занарач, жыве 800 чалавек. Вось гэтай энергіі з двух ветракоў дастаткова, каб
забяспечваць вёску”
, — расказваюць у райвыканкаме Мядзельскага раёну.

Ветракі акупаюцца
за восем гадоў. Цяпер каля Нарачы збіраюцца ставіць яшчэ адзін, магутнасцю ў 1
мегават.

А самы вялікі
ветрапарк у Беларусі мог з’явіцца з дапамогай нямецкіх інвестараў пад
Дзяржынскам. Па словах кансультанта кампаніі “Энертраг” Герда Хармса, у праект
уклалі 300 тысяч еўра.

Герд Хармс: “У 2010 годзе
заключылі дамову з губернатарам Мінскай вобласці. Дайшло да таго, што Акадэмія
навук мусіла даць заключэнне па стане асяроддзя. Вывучылі нават паводзіны
кажаноў”
.

Але перашкодзіў…
вайсковы радар. Чыноўнікі прапанавалі замежнікам перанесці ветрапарк. Бо ля
радара будаваць нельга.

“Мы ўбачылі
ваенную радарную ўстаноўку і адразу сказалі беларускім калегам, што ветракі і
радары не моцна сябруюць”
, — адказвае Герд Хармс.

У Мінаблвыканкаме
адказваюць, што “ў немцаў не атрымалася на гэтай пляцоўцы”.

“Мы ім
прапаноўвалі іншыя варыянты, але яны іх адхілілі”
, — распавядаюць Еўрарадыё ў
Мінаблвыканкаме.

І дадаюць, што
іншых прапаноў па ветрапарках пакуль няма.

У Германіі да
2020 году плануюць закрыць усе АЭС і атрымліваць энергію за кошт узнаўляльных
крыніц. А ў Беларусі ў 2018 хочуць дабудаваць першы энергаблок ад АЭС. Як
падлічвае Еўрарадыё, каб замяніць такі энергаблок спатрэбіцца 600 ветракоў. У
Беларусі іх пакуль не больш за паўтара дзясятка.

Фота: aif.by