Помнік чэкістам атрымаў 20 заўваг на мастацкай радзе (фота)

Вестка, што ў Мінску паставяць помнік “усім чэкістам”, узарвала інтэрнэт. Абурэнне кіпіць, на форумах людзі пішуць: “Хай спачатку паставяць помнік усім ахвярам гэтых чэкістаў”. Нечаканасцю стала і тое, што эскіз помніка зрабіў ужо нябожчык Уладзімір Жбанаў, добра вядомы па гарадскіх скульптурах у Мінску: конь, гусі ды фатограф на Камароўцы, дзяўчынка з парасонам у Міхайлаўскім скверы ды інш. Еўрарадыё адшукала першапачатковы макет жбанаўскага помніка і даведалася акалічнасці, як Дзяржынскі апынуўся на знаку побач з Сафійскім саборам.

Уладзімір Жбанаў запомніўся як светлы і вясёлы чалавек, аўтар мілых гарадскіх скульптур. Не ўсе адразу паверылі, што ў сваёй апошняй працы ён выляпіў Дзяржынскага.

Найперш ува ўсіх узнікла пытанне: ці перад намі твор Жбанава або скульптар Яраслаў Філіповіч, які даводзіў помнік да ладу, нешта прыўнёс ад сябе? Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца запэўнівае.

Рыгор Сітніца: “Такі самы, які Жбанаў прапанаваў, па гэтым эскізе яны пачыналі разам, а пасля ўжо завяршаў гэты хлапец”.

Канчатковы варыянт, завершаны вучнем Жбанава Яраславам Філіповічам. Змяшаліся ў кучу Дзяржынскі, зборны вобраз чэкіста, жаўнер часоў вайны, Сафійскі сабор, бусел, помнік Перамогі і Брэсцкая крэпасць. Фота: ng.by

Рыгор Сітніца ў курсе справы, бо калі Уладзімір Жбанаў памёр, ён у адпаведнасці са службовымі абавязкамі наведаў яго майстэрню. Сведчыць, што вучань Жбанава Яраслаў Філіповіч напраўду адпачатку рабіў гэты знак разам з майстрам.

Рыгор Сітніца: “Пачыналі яны, калі Жбанаў жыў. Сама мадэль была зроблена, і выкананне ўжо адсоткаў на 50 было здзейснена. Калі Жбанаў памёр, мы правяралі гэтую майстэрню. Да нас была просьба — пакінуць гэтага хлопца там на час выканання гэтага заказа”.

Скульптар Канстанцін Селіханаў вядомы нам, напрыклад, па помніку Караткевічу, які ўсталявалі да 80-годдзя пісьменніка ў Кіеве. Спадар Канстанцін уваходзіць у Мінскую гарадскую мастацкую раду, а таксама ў Рэспубліканскую манументальную раду, якая абмяркоўвае і зацвярджае ўсе скульптуры і помнікі.

Канстанцін Селіханаў: “Праблемы я насамрэч вялікай не бачу, бо гэты помнік, гэты знак будзе месціцца на ўнутранай тэрыторыі вышэйзгаданай установы. Таму я не бачу ўвогуле асаблівай прычыны радавацца ці сумаваць з нагоды яго мастацкіх вартасцяў”.

Спадар Канстанцін прыгадвае, што ў гэтай працы Жбанаў не быў дарэшты самастойны, бо меў канкрэтныя пажаданні ад замоўцы.

Канстанцін Селіханаў: “Гэта была адна з апошніх прац. Я ведаю, што ён працаваў над ёй даўно, гадоў пяць. Сказаў нам на Радзе, што яны ўсё ўзгаднялі, сумняваліся. Гэта была сумесная праца — у эскізе ўдзельнічала і само кіраўніцтва арганізацыі”.

Як мастак Канстанцін Селіханаў прызнаецца, што некаторыя элементы помніка яго бянтэжаць. Напрыклад, суседства Фелікса Дзяржынскага, пад кіраўніцтвам якога знішчалі святароў, і Сафійскага сабора.

Канстанцін Селіханаў: “Гэта як мінімум дзіўна. Мы, здаецца, нават Валодзю пра гэта казалі — што Дзяржынскі з Сафійскім саборам неяк не стыкуюцца”.

Спадар Селіханаў тлумачыць, што скульптура праходзіла на Радзе не дзеля таго, каб яе ўзгаднілі — а хутчэй каб зрабілі заўвагі, нешта параілі. Бо каб паставіць такі знак на ўнутранай тэрыторыі, ухвалення Рады не трэба.

Канстанцін Селіханаў: “Я вам скажу шчыра: Манументальная рада, ды і Гарадская рада, не прапусціла б гэты эскіз. У тым выглядзе, у якім ён быў паказаны першапачаткова, — па ім было зроблена каля 20 заўваг. Ён не праходзіў, на мой погляд, Валодзю давялося б шмат што перарабіць. Але, паўтаруся, тут важны момант, што праца робіцца на тэрыторыі ўстановы, гэта не гарадская тэрыторыя. Гэта тое самае, што Рада будзе вырашаць, калі чалавек у сябе на агародзе паставіць пудзіла з бронзы. Гэта яго права, хай робіць, што хоча. Да нас у Раду звярнуліся хутчэй па-сяброўску, каб мы дапамаглі парадай, ніякіх пратаколаў не было”.

Дарэчы, эскіз гэтай скульптуры Жбанаў пазычыў… сам у сябе! Першапачаткова шчыт і меч з выявамі жаўнераў скульптар прапаноўваў на конкурс манумента загінулым у мірны час міліцыянтам, які ў 2003 годзе ўсталявалі на ўзбярэжжы Свіслачы ў раёне Плошчы Перамогі. Тады аддалі перавагу іншай кампазіцыі — але, выглядае, Жбанаў не траціў надзеі выкарыстаць гэтую сваю задуму.

Канстанцін Селіханаў: “Той ягоны варыянт быў сімпатычней, драматычней і таленавіцей за тую кампазіцыю, якую мы цяпер бачым на ўзбярэжжы Свіслачы. Валодзя тады ўдзельнічаў з гэтым эскізам на конкурсе МУС і заняў II месца”.

Гэта першапачатковы эскіз Уладзіміра Жбанава. У альбоме скульптара ён названы “Жывы шчыт”. Як прызнаваўся сам Жбанаў, гэтая фігура для яго была як алюзія на ўласную службу ў Афганістане і як помнік войнам-афганцам.

Аднак у 2003 годзе варыянт Жбанава заняў толькі ІІ месца, а перамог вось гэты Помнік міліцыянтам і салдатам, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. Фота: http://minsk-old-new.com

Канстанцін Селіханаў лічыць, што ляпіць ці не ляпіць Дзяржынскага — выбар кожнага творцы.


Канстанцін Селіханаў: “Кожны мастак робіць свой прафесійны выбар. Калі ён лічыць, што гэта для яго прымальна — гэта яго права. Я вось магу набрацца смеласці — і сказаць, што адмоўлюся. Але гэта не 100%, бо ў любой працы можна заўсёды знайсці нейкі выхад. Але ёсць нейкія маральна-этычныя табу, якімі сапраўдны мастак кіруецца”.

Дарэчы, у 2006 годзе ў Мінску паўстаў яшчэ адзін помнік Дзяржынскаму у двары Ваеннай акадэміі. Гэта копія фігуры Дзяржынскага на Лубянцы, якую дэмантавалі яшчэ ў 1991 годзе. Фота: naviny.by


Увогуле, сярод прафесіяналаў ёсць прымаўка, што першая карміцелька мастака — халтура. Рыгор Сітніца глядзіць на гэта па-філасофску.

Рыгор Сітніца: “Што ёсць халтурай? Ну, робяць скульптары намагільныя помнікі — гэта лічыцца халтурай. Але калі класна зроблена — чаму гэта халтура? Калі мы ходзім па гістарычных могілках — у Львове, Пецярбургу — і бачым шэдэўральныя намагільныя помнікі, то гэта таксама было зроблена некалі як халтура на замову”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі