Польскія СМІ: За час Бенедыкта XVI колькасць вернікаў знізілася на мільён

Ужо трэці дзень у свеце не сціхае гарачае абмеркаванне нечаканай адстаўкі Папы рымскага Бенедыкта XVI.


Польская газета Metro піша пра змяншэнне колькасці практыкуючых палякаў-католікаў на мільён за 7 гадоў пантыфікату Бенедыкта. І прыводзіць словы прафесара Войцэха Святкевіча пра “недавер да немца”.

Metro: “Недзе там тлеў недавер да Папы-немца, хаця той стараўся, каб мець блізкія адносіны з палякамі. Гэта сапраўды ўнікальна, што кожны раз звяртаўся да палякаў на іх жа мове”.

Ці стала менш вернікаў у Беларусі? Разважае ксёндз Мікалай Ліпскі, з ініцыятывы якога ў мястэчку Лучай з'явіўся першы ў свеце помнік Бенедыкту XVI.

Мікалай Ліпскі: “Ведаеце, тут цяжка так ацаніць усю сітуацыю. Але думаю, што сам прыклад Папы быў важны для кожнага католіка. Ён стараўся несці чысціню веры. Думаю, што тут хто прыходзіць альбо не прыходзіць — больш справа ўласных праблем чалавека, які, можа, аддаляецца, губляе шлях да Бога”.

Тым часам найбуйнейшая штодзённая газета Германіі Süddeutsche Zeitung сцвярджае, што Бенедыкт не збіраўся быць індывідуалістам. А таксама, што не падзяляў ідэі аб рэфармаванні Касцёла.

Süddeutsche Zeitung: "Толькі з адстаўкай Бенедыкта былі зламаны ланцугі традыцый, да якіх ён ніколі не дакранаўся, і нават умацоўваў іх. Рэдка калі Касцёл патрабаваў такога рэфармавання, як у канцы пантыфікату Бенедыкта”.

New York Times параўноўвае Бенедыкта XVI з папярэднікам Янам Паўлам II, які лічыўся “сумленнем свету”.

New York Times: “Заданнем, якое атрымаў, будучы адным з найвядомых тэолагаў, было “застацца сумленнем Касцёла”. Абодва мелі праблемы з Рымскай курыяй і інтрыгамі кардыналаў. Ян Павел II уцякаў ад гэтых праблемаў у свет, Бенедыкт XVI замыкаўся ў свеце сваіх кніжак. Іх паслядоўнік не пазбегне рэформы Ватыкану”.

Расійская інтэрнэт-газета Utro.ru тлумачыць кансерватыўнасць Папы: ён быў праціўнікам аднаполых шлюбаў, жорстка выступаў супраць “жаночага святарства”, быў супраць спробаў змякчыць пазіцыю каталіцтва ў справе разводаў. І дае артыкул з загалоўкам “Папа капітуляваў пад націскам “вычварэнцаў”.

Utro.ru: “Клеймаваў ганьбай святароў-педафілаў за тое, што яны "страцілі давер, аказаны ім нявіннымі маладымі людзьмі і іх бацькамі", і папярэджваў, што яны "павінны адказаць за тое перад ўсемагутным Богам і перад законам у парадку, заснаваным судом".

Выказаўся пра адстаўку Бенедыкта, і нават выразіў свой смутак, прэзідэнт Ізраіля Шыман Перэс (які, дарэчы, з’яўляецца ўраджэнцам Беларусі). Палітык заявіў, што Папа спрыяў узмацненню сувязяў паміж габрэямі і католікамі.

Калі ж казаць пра вернікаў, то большасць з іх ставіцца да рашэння Бенедыкта XVI з пашанай. Як, напрыклад, апостальскі візітар для беларусаў-каталікоў у замежжы Аляксандр Надсан.

Аляксандр Надсан: “Ён адчуў, што далей не можа кіраваць царквою, яму цяжка праз стан здароўя і праз узрост. Сказаў, хай маладзейшыя за мяне, я зрабіў, што мог. Гэта вельмі смелы крок”.

Фота: belfasttelegraph.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі