Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі павялічаць фінансавую дапамогу ад ЕС

8 лютага на саміце Еўрасаюза прынялі новы бюджэт на бліжэйшыя 7 гадоў. Ён склаў 960 мільярдаў еўра — на 3% менш у параўнанні з бюджэтам ЕС на папярэднюю сямігодку.

“Я не падпішу дэфіцытны бюджэт. Я прапанаваў правесці перамовы і ўнесці папраўкі. Напрыклад, абмеркаваць, што праз 2 гады мы зможам праверыць, працуе ён альбо не”, — так папярэджваў магчымае скарачэнне бюджэту старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц.

Яго падтрымалі і кіраўнікі найбуйнейшых фракцый еўрапарламента: Ёзэф Даул (Еўрапейская народная партыя), Гі Верхафстат (лібералы), Рэбека Хармс і Даніэль Кон-Бэндыт (зялёныя) таксама выступаюць супраць скарочанага бюджэту.

А вось самі краіны-ўдзельніцы ЕС на прыняцце дэфіцытнага бюджэту адрэагавалі па-рознаму.

Так, Guardian піша пра перамогу для Вялікабрытаніі і яе прэм’ера Дэвіда Кэмерана, які выступаў за скарачэнне, і пра “нічыю” для ЕС.

“Добра, што ЕС змог дамовіцца ў справе бюджэту, але дрэнна, што не змог яго рэфармаваць у сучасным стылі”, — сцвярджае выданне.

У Германіі назіраецца ўмеранае задавальненне, бо бюджэт прадугледжвае значную эканомію, якой патрабавала ад іншых краін канцлер Ангела Меркель.

А ў Францыі гавораць пра “абразу”, якую зазнала краіна і прэзідэнт Франсуа Аланд — цяпер французы атрымаюць менш субсідый на сельскую гаспадарку.

Больш за ўсіх задаволеная новым бюджэтам Еўрасаюза, напэўна, Польшча. На бліжэйшыя 7 гадоў палякі атрымаюць каля 106 мільярдаў еўра — прыкладна на 4 мільярды больш, чым у 2007-2013 гадах. З іх 28,5 мільярда пойдзе на сельскую гаспадарку Польшчы і амаль 73 мільярды еўра — на рэгіянальную палітыку.

Нямецкі эксперт Карнэліус Охман такі поспех тлумачыць тым, што Польшча становіцца “пятым гульцом” у ЕС пасля Францыі, Германіі, Італіі і Вялікабрытаніі, замяняючы Іспанію.

Польшча ўжо добра карыстаецца сваім становішчам у ЕС. І тое рашэнне, якое было прынята ў Бруселі, паказвае, што еўрапейскія краіны прызнаюць рацыю шматлікіх польскіх аргументаў. Відавочна, што такая актыўная роля Польшчы, прынамсі ў нашым рэгіёне, будзе адбівацца на палітыцы ЕС адносна Беларусі. Брусель не так даўно прызнаў, што Польшча краіна нумар адзін у намаганнях па дэмакратызацыі Беларусі”, — дзеліцца сваім меркаваннем з Еўрарадыё беларускі палітолаг Алесь Лагвінец.

Крыніца: kprm 

Дзень прыняцця бюджэту 8 лютага прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў адным з самых шчаслівых у сваім жыцці. Бо той факт, што “Польшча змагла атрымаць больш грошай, чым у мінулыя гады, у сітуацыі, калі Еўропа вырашыла эканоміць, з’яўляецца поспехам”.

Каментуючы выказванні дэпутатаў Еўрапарламента, Дональд Туск адзначыў, што Еўрапейскі парламент, “вядома, выкажа сваё незадавальненне”, але подпіс пад дакументам паставіць.

Варта яшчэ дадаць, што Літва, паводле праекту новага бюджэту ЕС, у наступныя 7 гадоў атрымае на 4 мільярды літаў (альбо на 10%) больш, чым у 2007-2013 гадах.

У той жа час Латвія змагла дабіцца дадатковага фінансавання па праграме “Фонд развіцця вёскі” у памеры 67 мільёнаў еўра. А для Эстоніі прадугледзелі дапамогу, якая мусіць прадухіліць зніжэнне прамой дапамогі для фермераў.

Фота: PAP/EPA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі