“ПлаSтформа”: смелы эксперымент ці калька з еўрапейскіх пастановак?

“ПлаSтформа” збірае разам 9 харэаграфічных каманд з усёй Беларусі. Плюс замежныя эксперты. На шэсць дзён Мінск ператвараецца ў адмысловую платформу — “ПлаSтформу” — каб і сябе паказаць, і на іншых паглядзець.


Балетазнаўца і тэатральны крытык  Святлана Уланоўская называе "ПлаSтформу" годнай альтэрнатывай (пакуль што) адзінаму ў Беларусі фэсту сучаснай харэаграфіі, што ладзіцца ў Віцебску. На які, па меркаванні крыху пакрыўджаных на лёс удзельнікаў сённяшняга форуму, трапляюць адныя і тыя ж “абраныя” каманды.

“А тэатральнае жыццё існуе і сярод іншых калектываў, — зазначае Святлана Уланоўская. — На апошніх фестывалях у Віцебску ўвогуле далёка не ўсё можна было аднесці да сучаснага танца і эксперыментальнага выказвання. Форум “ПлаSтформа” не перакрэслівае яго, не супрацьстаіць яму, а з’яўляецца менавіта альтэрнатывай. У Беларусі ёсць эксперымент з рухам, пластыкай, які выяўляецца не толькі праз танец. Каб распавесці пра такія эксперыменты, і арганізаваная "ПлаSтформа". Гэта неабходнасць для людзей, якія мысляць целам, рухамі і хочуць выяўляць сябе праз падобныя пластычныя формы”.

Дырэктар і ідэйны натхняльнік “ПлаSтформы”, ён жа і рэжысёр тэатра “ИнЖест” Вячаслаў Іназемцаў, вынікам задаволены. На яго думку, першы блін — не камяком.

Вячаслаў Іназемцаў: “Мае надзеі апраўдаліся. Я столькі марыў зладзіць гэты форум! І вось, нарэшце, атрымалася. Зразумела, што ўсе вельмі розныя не толькі па стылях, але і па якасці. Была задача сабраць практычна ўсіх, хто працуе ў гэтым накірунку. Спадзяюся, што мерапрыемства не заглохне і стане традыцыяй”.

Але як быць з агульнавядомым фактам, што беларускі глядач не мае даверу да сцэнічных эксперыментаў? Тым больш, на такой terra incognita, як “пластылінавы” свет сучаснай харэаграфіі... Ці здолее "ПлаSтформа" прарвацца да свядомасці мінчукоў праз боязь новага?

 

Рэжысёр Яўген Карняг лічыць, што беларускай публіцы, не разбэшчанай сучаснай харэаграфіяй, лёгка “падсунуць” падробку. “ПлаSтформай” ён шчыра здзіўлены. “Як можна называць сябе аўтарам калькі з еўрапейскіх спектакляў?” — абураецца харэограф. Карняг мяркуе, што некаторыя пастаноўкі з сённяшняга форума — усяго толькі намёкі на студыйную працу.

Яўген Карняг: “Гэта жахліва, два тэатры ўвогуле прадставілі спектаклі, “садраныя” з еўрапейскіх пастановак . Гэта проста невыхаваныя тэатры, дзе людзі ніфіга не ведаюць, ніфіга не бачылі самі. І яны зрабілі спектаклі! Было два такіх спектакля. Напрыклад, 14 лютага было поўнае капіраванне Матса Эка, а рэжысёр выдае гэта за сваю аўтарскую харэаграфію! Яшчэ цікава тое, што ўсе харэографы самі танчаць у сваіх пастаноўках. Яны, мабыць, не прадстаўляюць, што некаму трэба глядзець на гэта звонку, не улічваюць гэта”.

На думку Карняга, на "ПлаSтформе" амаль не было чаго гладзяець, а большасць харэографаў танчаць у сваё задавальненне, а не ставяць спектаклі.

 

А вось як праходзіць Урачыстае закрыццё “ПлаSтформы”.

Апошні дзень форуму прысвечаны малым формам. Распачынае вечар міні-спектакль "Сола" ад SKVO’S DANCE COMPANY — маладога жаночага калектыву пад кіраўніцтвам былой удзельніцы тэатру D.O.Z.SK.I. Вольгі Скварцовай:

Пасля сцэну займае тэатр "ОтражениЯ", створаны студэнтамі БДУІР, які паказвае 6 мініяцюр: "Атлантыда", "Чорны блюз", "Сёстры", "Перажыві", "Да" і "Тантамарэскі".


У другім аддзяленні дамінуюць SKVO’S DANCE COMPANY. Спачатку яны паказваюць мініяцюру "Дэкаданс. Дыялогі", а пасля — урыўкі са свайго першага спектаклю "HappyValentine":

"Дэкаданс. Дыялогі"

"HappyValentine"

Паміж гэтымі дзеямі адбываецца самы мінімалістычны спектакль гэтага вечару. Парадокс, але называецца ён "XXL", але на сцэне толькі Вікторыя Бальцар з гродзенскага танц-тэатра "Галерея":

Вікторыя Бальцар

 

“Закрывае” вечар і, адначасова, увесь форум тэатр "ИнЖест". Раздаючы ўзнагароды, Вячаслаў Іназемцаў кажа што атрымаў тры "чароўных імпульса", якія дапамаглі рэалізаваць задуму форума. Два — ад калег з Мінска і Гродна. А трэці — ад Міністэрства культуры, якое пакінула "ПлаSтформу" без фінансавай падтрымкі:

 

"ИнЖест"

Вячаслаў Іназемцаў (справа) уручае ўзнагароды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі