Папа Рымскі: Каб даць Рыму біскупа, кардыналы скіраваліся аж на край свету

Хорхе Берголья нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў сям'і італьянскіх эмігрантаў. Ён быў пятым дзіцём у сям'і. Яго бацька працаваў рабочым на чыгунцы. Хорхе Берголья свабодна гаворыць на іспанскай, італьянскай і нямецкай мовах.


Гэта першы Папа, які выбраў сабе імя Францішак, а яшчэ гэта першы Папа — езуіт. Ён уступіў у Ордэн езуітаў 11 сакавіка 1958 года.


З'яўляецца аматарам футбола. Заўзее за футбольны клуб "Сан-Ларэнца" з Буэнас-Айрэса. Ён з'яўляецца афіцыйным чальцом клуба заўзятараў каманды і стараецца не прапускаць ніводнай гульні.


Хорхе Берголья выступае з заклікамі супраць абортаў і эўтаназіі.


Ён лічыць, што нельга зневажаць сексуальныя меншасці, але падтрымлівае стаўленне царквы да іх. Выступіў супраць дазволу аднаполых шлюбаў у Аргенціне. А таксама настойваў на тым, што гей-усынаўленне — гэта форма дыскрымінацыі дзяцей.


У красавіку 2005 года супраць яго распачалі крымінальную справу і абвінавацілі ў змове з хунтай у 1976 годзе ў час "бруднай вайны", калі былі выкрадзеныя два святары-езуіты. Прэс-сакратар кардынала тады назваў гэтую інфармацыю паклёпам, а ў самой скарзе не ўказвалася, які быў характар супрацоўніцтва.


Вёў сціплы лад жыцця. У якасці арцыбіскупа Буэнас-Айрэса жыў у маленькай кватэры і адмовіўся ад персанальнага лімузіна з кіроўцам, карыстаўся грамадскім транспартам і сам сабе гатаваў ежу. У Рым лятаў толькі эканом-класам.

Пасля абрання Францішак І звярнуўся да сабраных вернікаў з прамовай, перадае Ватыканскае радыё.


Ён пажартаваў, што, каб "даць Рыму біскупа (...) браты-кардыналы скіраваліся "аж на край свету", падзякаваў жыхарам Вечнага горада за адкрытасць і заклікаў памаліцца за Папу на пенсіі Бенедыкта XVI. Пасля чаго разам з усімі прамовіў "Ойча наш", "Аве Марыя" і "Хвала Айцу".


Пасля малітвы Святы айцец адзначыў, што з гэтага дня пачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народам. Ён заклікаў маліцца, каб ва ўсім свеце настала сапраўднае братэрства. Пантыфік папрасіў у цішыні памаліцца за яго. Пасля чаго даў сабраным благаслаўленне і прызнаўся, што заўтра адправіцца памаліцца да Найсвяцейшай Панны Марыі. "Дзякуй за вашу адкрытасць. Маліцеся за мяне і да хуткай сустрэчы. Добрай ночы і добрага адпачынку", — сказаў на развітанне папа Францішак І.

Фота: Ватыканскае радыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі