Папа Рымскі абвясціў, што сыдзе ў адстаўку 28 лютага

Прадстаўнік Ватыкана пазней пацвердзіў гэту інфармацыю, перадае ВВС. Паведамляецца, што пантыфік пакіне сваю пасаду 28 лютага.

У апошні раз Папа Рымскі аб'яўляў пра сваю добраахвотную адстаўку амаль 600 гадоў таму: у 1415 годзе ад сану выракся Грыгорый XII.

Па словах Папы, прычынай яго адстаўкі стаў стан здароўя. Вестка пра хуткае адрачэнне Папы заспела Ватыкан знянацку.

Нагадаем, што кардынал Ёзэф Ратцынгер быў абраны Папам у 2005 годзе пасля смерці свайго папярэдніка Яна Паўла II. Ён узначаліў Рыма-каталіцкую царкву ва ўзросце 78 гадоў і стаў адным з самых старых Папаў у гісторыі.

Раней кардынал Ратцынгер узначальваў Кангрэгацыю дактрыны веры, якая ў Сярэднявечча называлася Святой Інквізіцыяй.

Бенедыкт XVI стаў першым нямецкім Папам за апошнія 1000 гадоў. Пантыфік валодае дзесяццю мовамі і грае на піяніна. Яго ўлюбёны кампазітар — Бетховен.

У канцы 2012 года Бенедыкт XVI пачаў карыстацца Twitter і з тых часоў адпраўляў свае пасланні на васьмі мовах.

***

Бенедыкт XVI: Я павінен прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць служэнне

Папа Рымскі заявіў, што сыходзіць у адстаўку па стане здароўя (тэкст заявы). Імя новага Папы абвесцяць на Вялікдзень.

11 лютага Бенедыкт XVI абвясціў аб сваім жаданні сысці ў адстаўку. Святы Айцец спаслаўся на стан свайго здароўя і немагчымасць належнага выканання свайго служэння. Папа абвясціў гэта 11 лютага на звычайнай кансісторыі.

“Я паклікаў вас на гэту Кансісторыю не толькі па прычыне трох кананізацый, але і паведаміць вам рашэнне, якое мае вялікае значэнне для жыцця Касцёла. Разважыўшы пра гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра. Я цалкам усведамляю, што гэта служэнне ў сваёй духоўнай сутнасці павінна выконвацца не толькі праз дзеянні і словы, але не ў меншай ступені, праз цярпенне і малітву. Аднак, каб кіраваць лодкай св. Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, схільным да хуткіх змен, з хвалюючымі пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для жыцця веры, неабходная як сіла цела, так і духа, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць даручанае мне служэнне. Таму, цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабодзе, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа, Наступніка св. Пятра, ускладзенае на мяне кардыналамі 19 красавіка 2005 г., так, што з 28 лютага 2013 г., ад 20.00, рымскі пасад, Пасад св. Пятра, будзе звольнены (sede vacante), і паўстане неабходнасць, каб тыя, хто мае кампетэнцыі, склікалі Канклаў для абрання новага Папы.

Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца за ўсю любоў і працу, праз якую вы неслі са мной цяжар майго служэння, і прашу прабачэння за ўсе мае недахопы. Цяпер мы давяраем святы Касцёл апецы Найвышэйшага Пастыра, Пана нашага Ісуса Хрыста, і просім Яго Найсвяцейшую Маці Марыю, каб дапамагала сваёй мацярынскай дабрынёй Айцам Кардыналам у абранні новага Папы. Калі гаворка ідзе пра мяне, у будучыні я хачу служыць усім сэрцам, усім адданым малітве жыццём, Святому Божаму Касцёлу”, — заключыў Бенедыкт XVI у сваім паведамленні, скіраваным да кардыналаў.

Прэс-сакратар Папы Рымскага ксёндз Федэрыка Ламбардзі кажа, што імя новага Папы будзе абвешчана ў Вялікдзень (31 сакавіка — 1 красавіка).

Фота — wmasscatholicvoices.wordpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі