Паляўнічыя збіраюцца судзіцца з Аляксандрам Кулінковічам

Лідар гурта "Нейра Дзюбель" параўнаў аматараў палявання з педафіламі. Гэта справакавала сапраўдны скандал у інтэрнэце.

У дадатку "Sexus" апошняга нумара "БелГазеты" выйшаў матэрыял Аляксандра Кулінковіча "Самое гнусное из изобретений", які выклікаў сур'ёзны рэзананс сярод паляўнічых. На старонках выдання вядомы музыкант выказаў негатыўнае стаўленне да паляўнічых, параўнаўшы іх з педафіламі і назваўшы поскудзямі. 

На сайце "Трапны стрэл" абмеркаванне разгарнулася на чатыры старонкі. Паляўнічыя нават вырашылі падаць у суд. Па словах удзельніка форуму Аляксея, словы Кулінковічапапросту абражаюць яго і не маюць ніякага абгрунтавання.

Аляксей: "Існуе той жа самы "Green Peace", які пры ўсёй разнастайнасці метадаў ніколі не апускаецца да грубых абразаў, і як мінімум неэтычных і нелагічных выказванняў. З "Green Peace" можна напэўна размаўляць пра штосьці. Яны ў чымсьці маюць рацыю, у чымсьці безумоўна перагінаюць палку, каб дабіцца хоць бы якога-небудзь мінімальнага выніку. А тут, на мой погляд, было грубае, хамскае стаўленне, зусім неэтычная пазіцыя, да таго ж ад чалавека вельмі далёкага ад працэсу, які ён спрабуе асудзіць. Я бачу гэта як глыбокі і дурны піяр".

Сам Кулінковіч у сваіх словах перакананы. На яго думку, паляўнічыя – тыя ж маньякі, але афіцыйныя. 

Аляксандр Кулінковіч: "Дзяўчынка ў пясочніцы і аленя ў лесе – гэта рэчы аднаго толку. А паляўнічых я заўсёды лічыў поскудзямі і лічыць буду. Поскудзі яны і ёсць. Як не дзіўна, чамусьці абароненыя дзяржавай... У паляўнічых нават ёсць свае крамы, дзе яны могуць набываць што-небудзь для забойства. Незразумела, чаму гэта дазволена дзяржавай. А чаму звычайны "чыкаціла" не можа пайсці ў краму і набыць што-небудзь для забойства людзей!?".

Тым часам, самі паляўнічыя на інтэрнэт-форумах за словам у кішэню не лезуць:

"Ісці трэба да яго ДАМОЎ, вясёлым натоўпам, і пытацца, хто ёсць поскудзь і педафіл. Ветліва пытацца....
Як убачыць вялікую колькасць народу, выкліча міліцыю – яшчэ лепш, усё ў прэсу. Можна арганізаваць дзяжурства каля дома, і тлумачыць яго родным, хто такія педафілы..."


"А яшчэ лепш гэтага журналюгу адправіць у загон і ё…уць яго там як непажаданы від. Каб думаў, гаўнюк, пра што пісаць".

"З радасцю вазьму ўдзел ў грамадзянскай кары А. Кулінковіча".
 

Паляўнічы Аляксей кажа, што пакуль яшчэ дакладна не вызначана, што рабіць далей і з каго патрабаваць сатысфакцыі, бо ў гэтай справе трэба разбірацца. Але ёсць людзі, якія сур'ёзна настроеныя, а таму хутчэй за ўсё справа будзе даведзеная да суда. 

Аляксей: "Асабіста я падтрымаю пазіцыю шматлікіх паляўнічых. На сённяшні дзень мы яе яшчэ не сфармавалі канчаткова, але ёсць людзі, якія да гэтага рушаць. У дадзеным выпадку можна падыходзіць з двух пазіцый: першая – калі рэдакцыя робіць цытату, то яна мусіць разумець сваю пазіцыю і сваё маральнае права друкаваць адкрытае хамства, але ў гэтым выпадку непасрэдна з выдавецтва адказнасць здымаецца. Калі гэта перафразаванне, ці нейкім чынам скажоная інфармацыя асобы, ад якой яны сыходзіла – тады размова вядзецца пра поўную адказнасць выдавецтва. То бок тут даволі глыбока трэба разбірацца, калі ўжо так – па-гучнаму". 

Намеснік дырэктара "Медыя Пабліш", якое выдае часопіс SexusЗміцер Глыза не бачыць ніякай віны выдання, бо ў гэтым жа нумары выказвалася пазітыўнае стаўленне да паляўнічых, а меркаванне Кулінковіча – гэта проста адна з існуючых пазіцый.

Зміцер Глыза: "З боку часопіса, я думаю, што мы наадварот падтрымалі і беларускіх паляўнічых, і паляўніцтва, і ў прыватнасці маладзечанскую паляўнічую гаспадарку. А гэта была ўласная думка і, думаю, яна мае права на існаванне, бо так, магчыма, думае не толькі спадар Кулінковіч. Мы, як прэса, рознабаковыя погляды паказваем".

Калі справа ўсё ж дойдзе да суда, то лідар "Нейра Дзюбеля" нават парадуецца. Маўляў, калі артыкул выклікаў рэзананс, значыць чытаюць. А ў судзе ён хоча спытаць, чаму дазволена забіваць жывёл.

Аляксандр Кулінковіч: "У прынцыпе, артыкул быў мастацкім творам, і калі людзей так крануў мастацкі твор, то гэта выдатна. Значыць, мяне чытаюць. Я заўсёды ненавідзеў паляўнічых, заўсёды.. І, калі гэта кранула, то я шчаслівы, значыць я жыў не дарма. Не, падаць у суд – гэта цывілізавана і добра, і я спадзяюся, што чакаць каля пад'езда мяне ніхто не будзе. Зразумела, калі мяне проста застрэляць, то будзе крыўдна, але так яны яшчэ раз пакажуць, хто яны".

Між тым, на думку юрыстаў, у паляўнічых не так шмат шанцаў выйграць суд, бо словыАляксандра Кулінковіча тычацца пэўнай катэгорыі людзей, а не канкрэтных асобаў.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі