Палац Рэспублікі крычаў Горану Брэгавічу "Ура!" (ФОТА+ВІДЭА)

У першы дзень зімы адаграваць не такі ўжо і змерзлы Мінск прыехаў Горан Брэгавіч. Паглядзець на славутага серба сабралася поўная зала: крызіс — крызісам, а грошы на квіткі беларусы знаходзяць спраўна. Што праўда, імпрэза "каштавала" нядорага. Ды і ў залі было шмат замежнікаў: менавіта купка французаў першай ірванула танчыць да сцэны, калі пасля "асноўнай часткі" канцэрта Брэгавічу панеслі кветкі. Французы не ведалі, што ў Палацы Рэспублікі так не прынята...

Ад Брэгавіча чакалі чаго заўгодна. Цыганшчыны з фільмаў Кустурыцы, гарачых балканскіх бітаў, скокаў па сцэне, вар'яцтва і бздураў. Але музыка не стаў выдурвацца і выступіў так, як ён робіць гэта амаль заўжды: увесь канцэрт сціпла прасядзеў на ўскраечку аркестровага памоста. У заўсёдным белым гарнітуры ён кіраваў сваімі музыкамі. Нібыта насуперак Брэгавічу, Віктар Бабарыкін выйшаў да сваіх падначаленых у чорным.

Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з Палаца Рэспублікі. Пакуль вы глядзіце гэтыя здымкі, мы дадаем у гэты матэрыял відэа. А таксама літары — хаця Фрэнк Запа і казаў, што пісаць пра музыку гэта ўсё роўна, што танчыць пра архітэктуру. Таксама Фрэнк Запа меў вельмі дрэнны досвед супрацы з аркестрамі і сцвярджаў, што зладзіць якасны выступ рок-музыкі з аркестрам папросту немагчыма. Думаем, што Фрэнку Запе сённяшні канцэрт Горана Брэгавіча ў Мінску спадабаўся б.

А наступныя літары і відэа — пасля фотаздымкаў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Трэба сказаць, што, як гэта заўжды бывае, фатографаў і журналістаў “папрасілі” з залы пасля трэцяй песні. Вольных месцаў у Палацы Рэспублікі было зусім няшмат. На адным з іх, каб даслухаць канцэрт, ціхенька ўладкаваўся карэспандэнт Еўрарадыё.

Уражанне ад імпрэзы на той момант было вельмі дзіўнае. Гурт Брэгавіча граў вельмі сур’ёзныя, задумлівыя песні. Аркестр толькі дадаваў задуменасці. Раз-пораз музыка выбухала балканскім тэмпераментам! Але літаральна на некалькі тактаў. А далей — ізноў сумесь песняроўскіх распевак з бахаўскай царкоўнай паліфаніяй.

Часам голаса Брэгавіча было зусім не чуваць — настолькі моцнай была вакальная падтрымка. Але, трэба аддаць належнае гукарэжысёрам: у шматгалоссі спевакоў, балканскіх музыкаў і беларускага аркестра было чуваць кожную рысачку! А калі скрозь гэтае нагрувашчванне прапываўся, нарэшце, развясёлы балканскі біт — было ўсё роўна, як адладжаны гук.

Па паводзінах гледачоў адчувалася, што сярод іх шмат тых, хто прызвычаіўся слухаць канцэрты стоячы. Але павольная, поўная невытлумачальнага смутку першая палова імпрэзы зусім не спрыяла скокам… Што праўда, чым далей, тым больш відавочнай рабілася жаданне Брэгавіча ўсё ж такі “падраць” афіцыёзную залу. Пераломным момантам стала In the Death Car, пад якую музыкі ў першы раз па чарзе сыйшлі за кулісы. Гледачы тым часам расчулілася настолькі, што паўставалі з крэслаў і пацягнуліся да сцэны з кветкамі. І ахова Палаца Рэспублікі праміргала той момант, калі перад глядацкімі шэрагамі ўтварыўся сапраўдны танцпол!

На “біс” Брэгавіч праспяваў ледзь не больш, чым у “асноўнай частцы” канцэрта. Брэгавіч абяцаў скончыць канцэрт то адной песняй, то наступнай… Карацей, заўжды знаходзілася яшчэ адна песня, якая была б да месца. Аркестр застаўся зусім не пры справах... Нарэшце прагучала Kalashnikov, і, здавалася, гэта ўсё. Зала крычала музыкам “Ура!”, Палац Рэспублікі было не пазнаць!

Але канцэрт нечакана працягнуўся апакаліптычнымі праваслаўнымі гімнамі. Віктар Бабарыкін быў падрыхтаваны да гэтага, і яго аркестр далучыўся да балканцаў. Гэта было вельмі прыгожа. Быццам бы Горан Брэгавіч вырашыў, што небаходна даказаць беларусам, што былая Югаславія — гэта не толькі неўтаймаванае свята жыцця з фільмаў Кустурыцы.
 
І даказаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі